„Беларусбанк” укараніў сістэму папярэджання аб карупцыі ў банку



Найбуйнейшы дзяржаўны банк Беларусі — „Беларусбанк” — укараніў сістэму канфідэнцыйнага інфармавання кіраўніцтва банка.

Як паведамляе прэс-служба, сістэма створаная ў мэтах фармавання прававой культуры работнікаў банка. Яна таксама дасць магчымасць рэалізаваць падыход, „які спрыяе захаванню работнікамі дзейнага заканадаўства і этычных нормаў паводзінаў, папярэджанню ўзнікнення рызыкі страты дзелавой рэпутацыі, прадухіленню ўзнікнення канфлікту інтарэсаў, прафілактыцы і супрацьдзеянню карупцыі”.

У межах сістэмы канфідэнцыйнага інфармавання работнік арганізацыі можа выказваць „падазрэнні аб магчымых фактах махлярства, злачынства, небяспецы або сур’ёзнай рызыцы, якія нясуць небяспеку кліентам, калегам, акцыянерам, грамадскасці або рэпутацыі”.

„Беларусбанк” прапануе грамадзянам, якім стала вядома аб правапарушэннях, паведамляць гэтую інфармацыю па электроннай пошце службовай асобе, адказнай за ўнутраны кантроль, а таксама прадстаўніку назіральнага савета.

У 2017 годзе суд прызнаў некалькі былых супрацоўнікаў „Беларусбанка” вінаватымі ў здзяйсненні карупцыйных злачынстваў.

У верасні былы першы намеснік старшыні праўлення „Беларусбанка” Генадзь Гаспадарык быў прыгавораны да сямі з паловай гадоў пазбаўлення волі, а яго калега Мікалай Цырто — да дзевяці гадоў з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Першага абвінавацілі ў атрыманні хабару больш як на 215 тыс. долараў і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Згодна са звесткамі следства, ён атрымліваў „адкаты” ад кампаній, якія ў наступным перамагалі ў конкурсах на пастаўку банкаўскага абсталявання. Такія ж абвінавачанні плюс даванне хабару былі выстаўленыя Цырто, які займаў пасаду намесніка дырэктара дэпартамента па працы з каштоўнасцямі. Ён, паводле звестак следства, атрымаў прыблізна 500 тыс. долараў у якасці незаконнага ўзнагароджання.

У кастрычніку былы выканаўчы дырэктар „Беларусбанка” Анатоль Багавік быў прыгавораны да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і штрафу ў 500 базавых велічыняў (11,5 тыс. рублёў). Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманні хабараў і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

belapan.by