У Занях і Шпаках ушануюць памяць ахвяр польскага збройнага падполля
2-га лютага спаўняецца 72-гая гадавіна пацыфікацыі беларускіх вёсак на Беласточчыне: Зані, Шпакі і Канцавізна.
“Пабудуем каплічкі, дзе пахаваныя бязвінныя ахвяры пацыфікацыі вёсак Зань і Шпакі,” – кажа новы настаяцель парафіі ў Малешах айцец Марк Якімюк.
2 лютага ў 72-ю гадавіну пацыфікацыі вёсак аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандваннем Рамуальда Райса, псеўданім “Буры”, ля магілаў ў Занях і Шпаках айцец Марк адслужыць паніхіды. Паніхіда ў Занях а 9-й гадзіне. У Шпаках а 12-й гадзіне.
– Важна прыйсці сюды і памаліцца. А для мяне, як святара, перадусім захаваць памяць пра загінулых. Прыйдзе час, будзем мець свае іконы, будуць пакутнікі занеўскія, шпакоўскія, залешанскія. Калісьці так будзе і трэба ў гэта верыць.
2 лютага 1946 года аддзел Рамуальда Райса, псеўданім „Буры” спаліў Зані, Шпакі і Канцавізну. У гэты дзень ў Занях загінула 24 асобы, галоўным чынам жанчыны і дзеці, у Шпаках загіннула 7 чалавек. У 2005 годзе Інстытут нацыянальнай памяці ў Беластоку кваліфікаваў дзеянні Рамуальда Райса злачынствам з прыкметамі генацыду.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя