Станіслаў Багданкевіч: Нацбанк рызыкуе



Былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч тлумачыць, чаму зараз не варта было зніжаць стаўку рэфінансавання.

Стаўка рэфінансавання з 14 лютага зніжаецца да 10,5% гадавых. Апошні раз яна была на такім узроўні ў 2011 годзе.

Начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын не выключае, што стаўка рэфінансавання да канца гэтага года можа знізіцца да 9,5%.

Станіслаў Багданкевіч: Мне падаецца, што Нацбанк спяшаецца са зніжэннем стаўкі. Па статыстыцы, шырокая грашовая маса напрыканцы года рэзка ўзрасла. Невядома, як гэта адаб’ецца на іншых паказчыках, таму трэба было крыху пачакаць са зніжэннем стаўкі, каб паглядзець, наколькі стабільная сітуацыя з валютным курсам і інфляцыяй. Можна было б падвысіць стаўку праз квартал альбо праз паўгода.

РР: Са зніжэннем стаўкі рэфінансавання знізяцца і адсоктавыя стаўкі па ўкладах у банках. Ці застануцца яны прывабнымі для людзей?

Станіслаў Багданкевіч: Застануцца прывабнымі, бо іншай альтэрнатывы для захоўвання грошай у людзей проста няма. Што іх пад падушкай альбо ў слоіку трымаць? Каб у нас быў рынак каштоўных папер, тады іншая справа. А зараз Нацбанк можа зніжаць стаўкі, і гэта не стане ўдарам для грашовай сістэмы. Але ў любым выпадку, калі не будзе роста заробкаў, то павялічваецца рызыка для магчымых казусаў на спажывецкім і валютным рынку. Таму зніжэнне стаўкі рэфінансаванне – смелае рашэнне і нават рызыкоўнае. 

РР: Чаму так спяшаюцца знізіць стаўку?

Станіслаў Багданкевіч: Відаць, на Нацбанк аказвае ціск урад, які зацікаўлены, каб стаўка была як мага меншай. У такім выпадку крэдыты для эканомікі становяцца больш таннымі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя