Свабода слова па-шведску



Знайсці баланс – з такой праблемай сёння сутыкаюцца журналісты ў Швецыі. Баланс яны шукаюць у межах дазволенасці свабоды слова. Дзе заканчваецца і пачынаецца абмежаванне правоў іншых людзей? Госць праекта “Месца для прэсы” – журналіст грамадскага радыё Швецыі Кенэт Лінкіст.

РР: Па-шведску, як выглядае публічнае тэлебачанне, у чым яго канцэпцыя, у чым галоўная логіка існавання публічнага радыё і тэлебачання, публічных медыяў?

Кенэт Лінкіст: Я працую для грамадскага радыё Швецыі. Мы сапраўды вольныя, маем права самастойна фарміраваць сваю палітыку, на нас ніхто не можа ціснуць, альбо нейкім чынам паўплываць. Калі ж нехта незадаволены тым, што гучыць у эфіры шведскага грамадскага радыё, то можа скласці скаргу да так званага прэс-амбудсмена. Яго офіс складаецца з 5-6 чалавек – гэта група людзей, якія разглядаюць скаргі, і толькі яны вырашаюць ці скарга сапраўды мае падставу альбо не. Калі ж знаходзяцца хібы ў журналісцкай працы, то амбудсмен можа зрабіць заўвагу журналісту, альбо рэдакцыі і вынесці своеасаблівае папярэджанне, маўляў, вы тут памыліліся – звярніце ўвагу на сваю памылку. Калі з такой заявай выступае офіс амбудсмена, то журналісты абавязаныя на гэта звярнуць увагу і выправіць памылку – гэта абавязковая ўмова.

РР: Прэс-амбудсмен працуе толькі з грамадскімі медыямі, ці з усімі?

Кенэт Лінкіст: Гэта не прэс-амбудсмен, а амбудсмен выключна па пытаннях грамадскага радыё і тэлебачання, яго офіс рэгулюе толькі працу грамадскага вяшчання. Паколькі газеты і іншыя сродкі масавай інфармацыі ў Швецыі – прыватныя, таму яны жывуць па правілах рынка і рэгулююцца іншымі законамі. Але офіс амбудсмена па грамадскім вяшчанні таксама можа выказваць сваё меркаванне пра дзейнасць і хібы камерцыйных СМІ, і гэтыя пытанні шырока абмяркоўваюцца ў шведскім грамадстве.

РР: Чым кіруецца журналіст, які працуе на грамадскім тэлебачанні, бо ёсць нейкі кодэкс грамадскага радыё і тэлебачання? Усе мы розныя людзі, нехта можа парушаць журналісцкія прынцыпы, чым гэта кіруецца?

Кенэт ЛінкістТак, на кожнай радыёстанцыі існуюць унутраныя рэдакцыйныя правілы паводле якіх працуюць журналісты. Мы можам распавядаць гісторыю з пункту гледжання розных бакоў, выказваць розныя меркаванні, але абавязаныя быць нейтральнымі. Мы абавязаныя прадставіць розныя падыходы да тэмы, рознае яе бачанне. Адзінае выключэнне з гэтага правіла і гэта важна – мы таксама абавязаныя бараніць правы чалавека. І часам узнікаюць канфліктныя сітуацыі, калі мы кажам пра правы чалавека, а напрыклад, нейкая палітычная партыя імкнецца абмежаваць гэтыя правы. Вядома ж мы павінны выслухаць пазіцыю гэтай палітычнай партыі, бо ў нас свабода слова. Але з іншага боку мы павінны таксама абараняць правы чалавека, таму паўстае вялікае пытанне – ці павінны мы гэтай партыі даваць слова, калі іх выказванні скіраваныя на абмежаванне правоў чалавека. Вельмі складана ў такой дыскусіі знайсці баланс.

РР: Вы сказалі, што абсалютна не залежыце ад урада, але вядома, што кожны дэмакратычны ўрад у кожнай дэмакратычнай краіне хоча ўплываць на медыі, кіраваць гэтымі медыямі. Якія існуюць механізмы абароны? Альбо журналісты самі мусяць адчуваць такую незалежнасць, альбо ёсць юрыдычныя механізмы абароны, каб урад не мог уплываць на рэдакцыйную палітыку? Свабода слова – гэта такі незразумелы панятак. Свабода слова – гэта тое, што самі журналісты дабіваюцца і патрабуюць, альбо тое, што грамадства, дзяржава можа навязваць?

Кенэт ЛінкістНа самой справе менавіта журналіст мае найбольшы патэнцыял у справе абароны свабоды слова. Гэта наша прафесійная задача – бараніць свабоду слова. На працягу апошніх 20 год былі невялікія, але заўважныя спробы абмежаваць свабоду слова. На мой погляд, кожны журналіст павінны супраць гэтага пратэставаць, і вельмі важна, што ў Швецыі мы маем магчымасць абмяркоўваць межы свабоды слова. Гэта не тычыцца толькі СМІ, але і ўсёй грамадзянскай супольнасці. Ідзе дыскусія, дзе гэтыя межы свабоды слова, каб не нашкодзіць. Гэта таксама абмяркоўваецца на тэлебачанні і радыё.

РР: Свабода слова па-шведску, як яна выглядае? Мы добра ведаем, што свабода завяршаецца там, дзе пачынаецца свабода іншай асобы.

Кенэт Лінкіст: Сапраўды такая пазіцыя распаўсюджаная, і такія дыскусіі ў нас таксама ёсць, але свабода слова пашырае межы агульнай свадобы ў грамадстве.

Падсумаваў Кенэт Лінкіст – журналіст грамадскага шведскага радыё, якое з’яўляецца адкрытым акцыянерным таварыствам і фармальна не залежыць ад дзяржавы. Крыніца фінансавання – адмыслова вызначаны шведскім парламентам падатак, які плацяць шведы. Рэклама на Шведскім радыё не размяшчаецца.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя