Леанід Дубаносаў: У Мікашэвічах засакрэцілі імёны кандыдатаў ад улады



У Мікашэвічах засакрэцілі спісы кандыдатаў у дэпутаты гарадскога Савета дэпутатаў. На запыт кандыдата ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Леаніда Дубаносава адказалі, што партрэты і прозвішчы кандыдатаў з’явяцца на выбарчых участках.

„Гэта няправільна. Людзі павінны ведаць раней, за каго будуць галасаваць”, – кажа  Леанід Дубаносаў.

– Мая такая думка, што яны баяцца паказваць кандыдатаў ад улады, каб людзі іх не абгаворвалі. Бо людзям ужо надакучылі гэтыя кандыдаты ад улады, яны хочуць ужо ад народа кандыдатаў. Таму ўлады не хочуць іх паказваць, хаваюць. Бо калі паведамяць загадзя, то людзі пачнуць абмяркоўваць: ці патрэбны гэты кандыдат ад улады, што ён зрабіў, бо гэтыя кандыдаты ад улады толькі абяцаюць, а затым нічога не робяць.

Паводле Леаніда Дубаносава, пасля пагрозаў, што ён будзе скардзіцца, паведамілі, што невялікую інфармацыю людзі будуць мець падчас запрашэння на выбары.

Беларускае Радыё Рацыя