Беларусь уваходзіць у пяцёрку сусветных экспарцёраў малочнай прадукцыі
Беларусь уваходзіць у пяцёрку сусветных лідараў па экспарце малочнай прадукцыі нароўні з Новай Зеландыяй, Аўстраліяй, ЗША і Еўразвязам, заявіла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Марыя Клімава, выступаючы 1 лютага ў Менску на семінары „Інавацыйныя тэхналогіі і абсталяванне для харчовай прамысловасці”.
Двухдзённы міжнародны навукова-практычны семінар арганізаваны Мінсельгасхарчам, Інстытутам мяса-малочнай прамысловасці Нацыянальнай акадэміі навук і прадстаўніцтвам нямецкага машынабудаўнічага канцэрна Kieselmann. У працы форуму ўдзельнічаюць прыблізна 130 прадстаўнікоў харчовай індустрыі з Беларусі, Германіі, Польшчы, Расеі, Славакіі, Украіны і Чэхіі.
Клімава спаслалася на звесткі са справаздачы спецыялістаў Абсерваторыі малочнага рынку пры Еўракамісіі, што паказваюць, якую пазіцыю заняла Беларусь летась як экспарцёр малочнай прадукцыі ў ЕС.
„Калі не ўлічваць гандаль паміж краінамі ўнутры Еўрасаюза, то Беларусь займала другое месца па экспарце канцэнтраванага малака, трэцяе — па экспарце сметанковага масла і малочнай сыроваткі, чацвёртае — па экспарце сыру, пятае — абястлушчанага малака, сёмае — сухога натуральнага малака і казеіну”, — адзначыла яна.
Прадстаўніца Мінсельгасхарча паведаміла, што ў 2017 годзе беларускія прадпрыемствы пастаўлялі малочную прадукцыю ў 44 краіны, мясную — у 19.
У цэлым Беларусь экспартавала сваю прадукцыю сельскай гаспадаркі больш як у 80 краін, у прыватнасці на рынкі дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза, Еўразвяза, Азіі, Афрыкі, Блізкага Усходу, Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі.
belapan.by