Католікі адзначаюць Грамніцы



2 лютага католікі адзначаюць Свята Ахвяравання Пана або Грамніцы. У гэты дзень ва ўсіх касцёлах Беларусі праходзяць святочныя набажэнствы. На пачатку  службы адбываюцца працэсіі са свечкамі, падчас якіх спяваецца песня прарока Сімяона.

Як кажа ксёндз-вікарый парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім Іван Кароткін, свечка — гэта сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. Гэта святло веры, надзеі і любові.

– Вельмі важна, каб тыя рэчы, якія асвячаюцца ў касцёле, мы не выкарыстоўвалі з нейкім магізмам і не падыходзілі да абрада пасвячэння як да нейкай магіі. Вось мы асвяцілі свечку і верым у гэтую свечку, трымаемся яе, нас ратуе і ахоўвае менавіта свечка. Зусім не яна, а сімволіка Хрыста, заступніцтва Бога.

Падчас свята Ахвяравання Пана ў сваіх прамовах ксяндзы звяртаюць увагу і на значнасць пакліканняў да святарскай і манаскай службы. Бо менавіта кансэкраваныя асобы поўнасцю ахвяруюць сябе Богу.

Ва ўсходняй традыцыі  свята  Ахвяравання Пана называецца “Стрэчаннем”.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя