З лёгкай парай!



Сапраўдная зіма з моцнымі снегападамі завітала ў паўднёвыя рэгіёны Марокка і моцна здзівіла бедуінаў, а Беларусь працягвае эканоміць на паліве і спаць на хаду з-за недахопу сонечных дзён. Сіноптыкі абяцаюць мароз і сонца бліжэй да сярэдзіны наступнага тыдня.

Пакуль ратуемся як можам і запальваем унутраныя лямпачкі. Тэрмінова дастаем яркія свэтрыкі, шалікі, пальчаткі… Можам пачытаць чарговы бестсэлер, прысвечаны аднаму з варыянтаў шчасця па-скандынаўску… Чулі пра “хюге”? Вось-вось. А яшчэ можна ў лазню схадзіць! Лазня – месца для душы, а не толькі банальная гігіенічная працэдура: тут вам і водары зёлак, і прыемная атмасфера, і цёплая сяброўская кампанія… Гарбата ці піва – пад настрой! Карацей, лазня – наша ўсё! І гэта ўсё збіраюцца ў простага чалавека адабраць.

У сапраўдных аматараў лазні з горада Астраўца на Гарадзеншчыне здарыўся форс-мажор – ёсць рызыка таго, што грамадскую лазню ў “старым” горадзе зачыняць. Навошта яна, калі будуецца новы сучасны спартова-аздараўленчы цэнтр?! Рамонт старому будынку не зашкодзіць, а гэта ж грошы! Між тым у старой астравецкай лазні ёсць свая гісторыя, маюцца свае традыцыі… Распачалося ўсё яшчэ ў 1985 годзе – кампанія сяброў ды землякоў пачала хадзіць разам у гарадскую лазню. Хтосьці потым сышоў (па розных прычынах), а хтосьці застаўся і ўнукаў далучыў да разумення высокай каштоўнасці лёгкай пары. Традыцыя захавалася насуперак падвышэнню коштаў на грамадскія лазні ў 2016 годзе! І вось цяпер тусоўка аматараў лёгкай пары трапіла пад пагрозу знішчэння і забыцця.

Ганаровы кіраўнік астравецкага клуба аматараў лазні не мог змірыцца з гэтым: спадар Віталь Бандарык звярнуўся да мясцовых уладаў праз мясцовую ж газету “Астравецкая праўда” з просьбай захаваць лазню як фішку гарадскога жыцця. Клуб аматараў лазні налічыў ужо 1440 сустрэч – такі факт мясцовай гісторыі заслугоўвае ўвагі і павагі, праўда ж?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ