З промысламі і рамёствамі Палесся можна пазнаёміцца ў пінскім музее



Музей Беларускага Палесся ў Пінску падрыхтаваў выставу “Промыслы і рамёствы Палесся”, дзе прадстаўленыя аўтэнтычныя рэчы колішніх жыхароў краю ды нацыянальныя строі. Наведаўшы экспазіцыю, магчыма не толькі дакрануцца да мінулага ладу жыцця, але даведацца аб сімвалах на касцюмах, аб ролі абярэгаў у беларускім жыцці. Навуковы супрацоўнік установы Ганна Садоўская адзначыла, што, напрыклад, палоскі азначаюць род:

– Ручнік для свата ён павінен абавязкова быць паласатым. Палоска лічыцца сімвалам рода. Вось, напрыклад, у тым жа традыцыйным касцюме праглядаецца гэты матыў. Калі жанчына апранае на сябе фартух – чым больш палосак на фартуху ў жанчыны, тым больш багаты яе род. Можна гэты матыў пабачыць і ў вясельных ручніках – сват як падаўжальнік роду павінен таксама абавязкова быць з паласатым ручніком.

Арганізаваць такую экспазіцыю было вырашына з-за таго, што, на жаль, мала сучасных беларусаў ведаюць глыбінныя сэнсы нацыянальных касцюмаў. У лепшым выпадку грамадзяне маюць агульнае ўяўленне аб нацыянальм уборы.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя