Беларусь прайграла Аўстрыі ў Кубку Дэвіса
Беларускія тэнісісты датэрмінова прайгралі на выездзе зборнай Аўстрыі ў першым крузе I групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса. Матч праходзіць 2-3 лютага ў Санкт-Пёльтэне.
У першы дзень Ілля Івашка (190-е месца ў адзіночным рэйтынгу АТП) саступіў Геральду Мельцэру (98) – 6: 2, 5: 7, 4: 6, а Дзмітрый Жырмонт (389) быў слабейшы за шостую ракетку свету Дамініка Ціма – 3: 6, 3: 6 (1 гадзіны 13 хвілін).
У другі дзень Івашка (599-й парны рэйтынг) і Андрэй Васілеўскі (53) не змаглі перайграць Олівера Мараха (6) і Філіпа Освальда (44) – 3: 6, 6: 7 (5: 7).
Засталося правесці сустрэчы Івашка – Цім і Жырмонт – Мельцэр, але яны ўжо не будуць мець турнірнага значэння.
Аўстрыя, якая ўзяла ў суперніка рэванш за леташняе паражэнне ў другім крузе I групы ЕАЗ (1: 3 у Менску), згуляе з Расеяй за права трапіць у плэй-оф Сусветнай групы КД (6-7 красавіка), а Беларусь будзе змагацца восенню за захаванне месца ў I групе.
У рэйтынгу КД Беларусь займае 25-е месца, Аўстрыя – 37-е.
Фота tennis.by