Сярод крымскіх татараў пашыраецца цікавасць да вывучэння роднай мовы
Сярод крымскіх татараў цяпер пашыраецца цікавасць да вывучэння роднай крымскататарскай мовы. Таксама з прычыны цяжкай сітуацыі, у якой яны апынуліся з-за рэпрэсій новай улады на захопленай Расеяй паўвыспе, – адзначае прафесар Мікола Васьків з Кіеўскага ўніверсітэта імя Барыса Грынчанкі.
Ён падкрэслівае, што хоць крымскія татары і складаюць цяпер усяго 20% насельніцтва Крыму, але менавіта яны найперш з’яўляюцца тут гістарычнымі насельнікамі:
– Кіраўніцтва расейскае перакананае, што яны лепшыя гісторыкі ў свеце. Так, як калісьці быў такі вусаты тыран, які лічыў, сябе “бацькам усіх навук”, а цяпер высвятляецца, што “бацькам гістарычнай навукі” з’яўляецца Уладзімір Пуцін, які выводзіць расейскі радавод ледзь не з антычных часоў, і пра Крым даводзіць: “всё это было когда-то наше”. Хаця, калі дашуквацца ідэнтычнасці, з чаго пачыналася, то Крым на самай справе – татарскі.
Мікола Васьків лічыць, што ў свой час прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук зрабіў вялікую памылку, калі даў дазвол на стварэнне Крымскай аўтаноміі як тэрытарыяльнай, а не нацыянальнай і крымскататарскай адзінкі, бо крымскія татары – гэта карэннае насельніцтва паўвыспы.
Яна Запольская. Беларуская Радыё Рацыя