У Марачоўшчыне адзначылі дзень народзінаў Касцюшкі
У Косаве Івацэвіцкага раёна адбылося традыцыйнае ўшанаванне Тадэвуша Касцюшкі з нагоды 272 угодкаў з дня народзінаў нацыянальнага героя.
Святкаванне пачалося з імшы ў Троіцкім касцёле Косава. У гэтым касцёле ёсць мемарыяльная шыльда з інфармацыяй пра тое, што тут у 1746 годзе быў ахрышчаны Тадэвуш Касцюшка.
Імпрэза працягнулася ў музеі-сядзібе Касцюшкі ў Марачоўшчыне. У свяце прынялі ўдзел дыпламаты ЗША, Польшчы, Швейцарыі, Украіны, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый Беларусі і Польшчы. Украіна заўсёды памятае Касцюшку, кажа консул Украінскага консульства ў Берасці Віталь Пантус:
– Штогод прыязджаем на гэтыю імпрэзу, каб аддаць даніну павагі выбітнаму і беларусу, і чалавеку, які зрабіў шмат для іншых дзяржаў свету. Украіна таксама памятае Тадэвуша Касцюшку.
Аляксандр Сахарук, Берасце:
– Спадабалася тое, што ў гэтай сядзібе вольны дух. Тадэвуш Касцюшка змагаўся за беларусаў. Быў вольным чалавекам і хацеў, каб Беларусь была вольнай і незалежнай дзяржавай.
У святкаванні прынялі ўдзел больш за 200 чалавек. Актывісты з Берасця і Кобрыня на чале з Алесем Мехам ушанавалі Касцюшку аўтапрабегам. Ён пачаўся з Сяхновічаў (Жабінкаўскі раён), дзе ёсць яшчэ адзін музей Тадэвуша Касцюшкі. Заехалі ў Крупчыцы – месцы знакамітай бітвы ўдзельнікаў паўстання з расейскімі войскамі. Затым прыбылі ў Марачоўшчыну.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.