Што гатовыя цярпець беларусы і дзеля чаго?
Міжнародны дзень талерантнасці адзначаецца 16 лістапада. Даследаванне Інстытута эканомікі і свету паказала, што за апошнія гады адбылося значнае пагаршэнне ўзроўню міралюбства розных нацый. Расея, да прыкладу, застаецца найменш міралюбнай краінай у Еўропе, апынуўшыся на 152 месцы. Беларускі народ часта называюць самым талерантным на постсавецкай прасторы. Мы запыталіся ў мінакоў Глыбокага, што гатовыя цярпець беларусы і дзеля чаго?
– Пакуль у нас Лукашэнка ва ўладзе – нічога добрага не будзе. Людзі церпяць, таму што выбары несправядлівыя. Украіну я ўвахваляю, таму што яны малайцы. У нас пакуль няма свядомасці ў людзей і няма Народнага Фронту. Ён нібыта ёсць, але не працуе.
– Для міру, для шчасця сваіх дзяцей, для ўсяго – быў бы мір. Будзем усё цярпець. Мы перажылі вайну і хочам, каб унукам, дзеткам усім – каб быў спакой.
– У нас вельмі цярплівы народ. Але, мне здаецца, да нейкай пэўнай мяжы.
– Я не ведаю, колькі мы далей будзем цярпець, але цярпенню будзе канец некалі. Таму што гавораць адно, а робіцца іншае.
Апошнія падзеі ва Украіне ўсё ж паўплывалі на погляды шматлікіх беларусаў. І хоць некаторыя беларусы ганарацца сваёй талерантнасцю, але ў рэйтынгу глабальнага індэкса міралюбcтва наша краіна займае толькі 92 месца сярод 162 краінаў свету.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя