Парэшткі Магдалены Радзівіл перанясуць у менскі касцёл 17 лютага
17 лютага ў менскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) адбудзецца перазахаванне парэштак Магдалены Радзівіл. Пахавальную цырымонію а 10-й гадзіне ўзначаліць дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі.
Мецэнатка і культурны дзеяч Марыя Магдалена Радзівіл у свой час аказвала фінансавую падтрымку выдавецтву «Загляне сонца і ў наша аконца», газеце «Беларус», шпіталям, сельскім крамам і г.д.
У 1917 годзе яна ахвяравала дыяментавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме — грошы былі перададзены айцам марыянам у Друі.
Дзякуючы яе намаганням былі адкрыты беларускія школы ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Мецэнатка плаціла стыпендыю студэнтам-беларусам, якія вучыліся ў Пецярбургу, падтрымлівала тамтэйшую беларускую бібліятэку.
«Яна лічыла сябе беларускай, яна марыла жыць у Менску, таму гэта будзе вельмі сімвалічна, калі мы пахаваем прах Магдалены тут […]», —адзначыў Мацей Радзівіл два гады таму, калі з’явіліся першыя чуткі пра магчымае перапахаванне ў Беларусі.
Як расказаў пробашч парафіі кс. Юрый Санько, урна з парэшткамі Магдалены Радзівіл будзе выстаўлена для развітання ў касцёле вечарам 16 лютага.
Паводле яго слоў, парэшткі будуць перазахаваныя ў левай частцы святыні. На тым месцы будзе ўсталявана памятная шыльда і барэльеф у гонар славутай мецэнаткі.
Пасля цырымоніі чакаюцца даклады пра асобу Магдалены Радзівіл і яе сувязь з Беларуссю.