У Магілёве труп забітага пенсіянера тры тыдні праляжаў у кватэры



У Магілёве затрыманы 44-гадовы мясцовы жыхар па падазрэнні ў забойстве бацькі.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, у РАУС Ленінскага раёна Магілёва звярнуўся мужчына, які прызнаўся ў забойстве свайго 78-гадовага бацькі.

„Па месцы жыхарства падазронага выехала следча-аператыўная група, якая правяла агляд кватэры. Падчас агляду ў кватэры было знойдзена цела мужчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці. У ходзе далейшага разбору ўстаноўлена, што 11 студзеня падазраваны, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, наўмысна табурэтам нанёс некалькі ўдараў у галаву свайму бацьку, прычыніўшы апошняму цялесныя пашкоджанні, не сумяшчальныя з жыццём. Цела пенсіянера праляжала ў кватэры тры тыдні”, — расказала Салянюк.

У дачыненні да затрыманага распачата і расследуецца справа па п. 2 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (забойства заведама састарэлай асобы), якім, у прыватнасці, прадугледжваецца смяротнае пакаранне.