Мінпрацы спрагназавала, колькі будзе «дармаедаў» з новым дэкрэтам
Пад дзеянне дэкрэта № 1 могуць трапіць каля 250 тысяч беларусаў. Пра гэта заявіў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Мінпрацы Алег Токун у эфіры праграмы «Актуальны мікрафон» першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Па дэкрэце № 3 падаткавікі накіравалі каля 470 тысяч паведамленняў на выплату збору на дармаедства, паведамляе Tut.by.
— Калі зыходзіць з балансу працоўных рэсурсаў Беларусі (на жаль, пакуль у нас ёсць выніковыя звесткі толькі за 2016 год, за 2017 будуць крыху пазней), то гэта можа быць прыкладна 250 тысяч чалавек, — сказаў Алег Токун, адказваючы на пытанне, колькі чалавек можа патрапіць пад дзеянне дэкрэта № 1. — Мы пра іх чамусьці не ведаем. Гэта значыць афіцыйная статыстыка не ведае, чым яны займаюцца. Так, магчыма, гэта мігранты, якія з’ехалі. Частка, безумоўна, будзе. Безумоўна, там будзе і частка людзей, якія знаходзяцца ў цені. Тыя, хто працуе нелегальна або без афармлення працоўных адносін, або сам на сябе, не рэгіструючыся ні рамеснікам, ні іпэшнікам. Такія людзі будуць.
Спецыяліст адзначыў, што пад дзеянне дэкрэта патрапяць тыя, хто «знаходзіцца ў працаздольным узросце, гэта значыць у самым росквіце сіл, што называецца, і гадоў».
— Мяркую, што гэтыя людзі так ці інакш павінны чымсьці займацца ў сваім жыцці. І калі ён не працуе, не вучыцца, ці, напрыклад, не выхоўвае дзяцей, то трэба яго прыцягваць на рынак працы, даваць яму ў рукі новую прафесію ці прапаноўваць яму іншыя варыянты занятасці, – сказаў спецыяліст.
На думку Алега Токуна, «дэкрэт падштурхне людзей выходзіць з ценю».