Летась беларусы павялічылі выдаткі ў інтэрнэт-крамах больш як удвая



 Летась жыхары Беларусі выдаткавалі на пакупкі ў інтэрнэт-крамах у 2,3 разу больш, чым ў 2016 годзе. Сярэдні чэк вырас амаль на траціну — да 31,1 беларускага рубля (тут і далей па курсе ЦБ РФ на 6 лютага 2018 года).

Да такіх высноў прыйшлі аналітыкі сэрвісу „Яндэкс.Грошы”, вывучыўшы плацяжы карыстальнікаў праз „Яндэкс.Касу”. Гэта ўніверсальнае плацежнае рашэнне, да якога падключаныя звыш 75 тыс. анлайн-пляцовак па ўсім свеце. У даследаванні ўлічваліся плацяжы жыхароў Менска, Берасця, Гародні, Магілёва, Віцебска і іншых гарадоў краіны.

За год у Беларусі колькасць інтэрнэт-пакупак у цэлым павялічылася ў 1,8 разу. Эксперты тлумачаць гэта не ростам спажывання, а тым, што ўсё больш жыхароў краіны лічаць за лепшае купляць тавары ў сетцы, а не афлайн.

Мацней за ўсё попыт пакупнікоў у сетцы вырас на дзіцячыя тавары, касметыку і парфумерыю, тавары для спорту і турызму: у 7,8, 7 і 6,2 разу адпаведна. Прыкметна павялічылася таксама колькасць замоў запчастак і аксесуараў для аўто — у 5 разоў, прадуктаў харчавання — у 4,4 разу, кніг — у 3,7 разу, сувеніраў і тавараў для хобі — у 3 разы, тавараў для дома і дачы — у 2,3 разу, гаджэтаў і бытавой тэхнікі — у 1,7 разу, адзення, абутку і аксесуараў — у 1,6 разу.

Згодна са звесткамі „Яндэкс.Касы”, на аднаго беларускага карыстальніка прыпадае ў сярэднім пяць анлайн-пакупак на год. Часцей за ўсё людзі замаўляюць у інтэрнэт-крамах вопратку, абутак, кнігі, сувеніры і тавары для хобі.

У 2017 годзе адзін карыстальнік з Беларусі расходаваў на пакупкі ў інтэрнэт-крамах у сярэднім 167,4 беларускага рубля. Гэта амаль на 40% больш, чым годам раней.

Самы вялікі сярэдні чэк быў за тавары для спорту і турызму — 289,7 рубля (у 2016 годзе — 187,3 рубля). На касметыку і парфумерыю людзі трацілі ў сярэднім за раз 187 рублёў (годам раней — 96,1 рубля), на гаджэты і бытавую тэхніку — 185,6 рубля (77,9 рубля). Сярэдні чэк за запчасткі і аксесуары для аўто склаў 153,8 рубля (210,7 рубля), за дзіцячыя тавары — 144 рублі (64 рублі), за тавары для дома і дачы — 125,1 рубля (149,2 рубля), за прадукты харчавання — 94,4 рубля (181 рубель), за сувеніры і тавары для хобі — 39,1 рубля (17,8 рубля), за вопратку, абутак і аксесуары — 20 рублёў (21 рубель).   БелаПАН