Shuma і Port Mone выступяць на юбілейным Tallinn Music Week



Shuma, Port Mone і « Пятля прыхільнасці » узначаляць дэлегацыю з сямі беларускіх музычных калектываў, якія выступяць на дзясятым Tallinn Music Week 2018 – адным з галоўных гарадскіх фэстаў Еўропы.

Мерапрыемства, якое шмат разоў адзначалі сярод лепшых аўтарытэтныя брытанскія выданні Guardian і Observer, адбудзецца ў сталіцы Эстоніі з 2 да 8 красавіка. Яго ядром з’яўляюцца трохдзённы  музычны фестываль (5-7 красавіка), які штогод збірае больш за 30 тысяч гледачоў і 250 артыстаў з усяго свету, а таксама двухдзённая прафесійная канферэнцыя Creative Impact (6-7 красавіка), прысвечаная тэмам ад музыкі і крэатыўных індустрый да гарадскога асяроддзя і ўстойлівага развіцця.

Сярод міжнародных удзельнікаў музычнай праграмы гэтага года ісландзец Högni (удзельнік знакамітых Gus Gus) з сольнай праграмай, фінскія легенды эксперыментальнай музыкі Ismo Alanko і Kimmo Pohjonen, амерыканскія архітэктары «трэцяй хвалі ска» The Toasters, шведскі жаночы панк-гурт The Magnettes, 19-гадовая брытанка Suzi Wu. Эстонскіх артыстаў павядуць за сабой ужо вядомыя на міжнародным узроўні Trad Attack!, Mart Avi,  Ajukaja & Andrevski.

У гэтым годзе  арганізатары Tallinn Music Week атрымалі заяўкі на ўдзел ад 1450 артыстаў з 53 краін свету.

Shuma

Па выніках адбору Беларусь будуць прадстаўляць: Shuma (фолк/электроніка), Port Mone (інструментальная музыка), «Пятля прыхільнасці» (рок/постпанк), «Бакей & Какора» (хіп-хоп/электроніка), «Саюз» (індзі-поп), Aslamin (футворк/джук) і Dzeahel (лаундж). Для большасці з іх гэта першы выезд на еўрапейскія шоукейс-фестывалі. Партнёрам мерапрыемства ў Беларусі з’яўляецца праект Experty.by.

Мяркую, што гэта не толькі самая вялікая, але і самая моцная дэлегацыя беларускіх артыстаў за ўсе гады ўдзелу вашай краіны ў Tallinn Music Week. Сярод іх і дасведчаныя артысты, якія ўжо мелі паспяховыя выступы ў Еўропе, і зусім маладыя, для якіх гэта першы сур’ёзны выезд. Пры гэтым шансы на поспех маюць усе, – адзначае праграмны дырэктар фестывалю Райманд Пылдмаа.

Гурт «Пятля прыхільнасці» 

Акрамя платных канцэртаў і канферэнцыі цягам фестывальнага тыдня з 2 да 8 красавіка гасцей чакае маштабная праграма актыўнасцяў, у тым ліку бясплатныя канцэрты, лекцыі і выставы, а таксама дызайн-маркет і адмысловы выбар кафэ і рэстарацый.

Гурт Port Mone

Квіток на ўсе платныя канцэрты фестывалю (Festival Pass) зараз каштуе 60 еўра, квіткі на асобныя канцэрты – ад 10 да 20 еўра. Квіток на ўсе платныя канцэрты з доступам на прафесійную канферэнцыю (Conference + Festival Pass) зараз каштуе 250 еўра. Падрабязная інфармацыя пра праграму мерапрыемства і ўсе тыпы квіткоў на афіцыйным сайце www.tmw.ee.