У ЕЗ могуць адмовіцца ад пераходу на летні час
Дэпутаты Еўрапарламента 8 лютага правядуць дэбаты па адмене пераходу на летні час, у гэты ж дзень пройдзе галасаванне па адпаведнай рэзалюцыі, паведамляе LETA.
Рэзалюцыя была падрыхтавана камітэтам Еўрапарламенту па пытаннях транспарту. Пры яе прыняцці краіны ЕЗ застануцца ў зімовым часе.
Пытанне было ўзнята пасля паступлення мноства петыцый ад жыхароў краін ЕЗ. Грамадзяне скардзяцца, што змяненне часу двойчы ў год адмоўна ўплывае на іх здароўе. Напрыклад, Фінляндыя заявіла, што будзе дамагацца адмены летняга часу ў ЕЗ пасля таго, як больш за 70 тыс. фінаў падпісалі адпаведную петыцыю.
Жыхары Латвіі і Эстоніі таксама супраць пераводу гадзін, сцвярджаючы, што пераход на зімовы і летні час дрэнна ўплывае на здароўе.
Пераход усіх краін ЕЗ на летні і зімовы час рэгулюе дырэктыва Еўрапарламента і Савета ЕЗ ад 19 студзеня 2011 года. Упершыню пераходзіць на летні і зімовы час пачалі ў 1908 годзе ў Вялікабрытаніі, каб эканоміць электраэнергію. Зараз стрэлкі гадзін сезонна пераводзяць больш за 100 краін свету. У Беларусі ад пераходу на летні і зімовы час адмовіліся ў 2011 годзе.