КДБ хоча заручыцца грамадскай падтрымкай



02.02.2018 на першым канале дзяржаўнага тэлебачання Беларусі было паказана інтэрв’ю Старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка. Фармальнай падставай стала сустрэча кіраўніка спецслужбы і Аляксандра Лукашэнкі. Аднак, мяркуючы па пастановачным характары здымкаў, інтэрв’ю не з’яўлялася «гарачым каментаром» па слядах падзеі, а рыхтавалася загадзя. Як мінімум, на ўзроўні сцэнара. Варта адзначыць, што гэта першы тэлематэрыял падобнага роду з удзелам кіраўніка спецслужбы як мінімум за апошнія 7 гадоў.

В. Вакульчык спыніўся на асноўных прыярытэтах працы КДБ. Па-першае, гэта барацьба з карупцыяй і абарона эканамічных інтарэсаў дзяржавы. Заяўлена, што ў 2017 годзе КДБ працаваў па 630 крымінальных справах карупцыйнай скіраванасці. Фінансавы эфект ад працы спецслужбы па абароне эканамічных інтарэсаў краіны склаў за 3 гады каля BYN 500 млн. Што перавышае аб’ём бюджэтных сродкаў, што выдзяляюцца на ўтрыманне спецслужбы (у 2017 годзе BYN 129 млн). Па-другое, гэта контрвыведка. За 2017 год КДБ выяўленая і спыненая дзейнасць 11 агентаў і кадравых супрацоўнікаў замежных спецслужбаў. Па-трэцяе, гэта ўрадавая сувязь.Журналістам было прадэманстравана памяшканне, якое, як заяўлена, з’яўляецца цэнтрам кіравання сістэмай урадавай сувязі.

Цэнтр кіравання ўрадавай сувяззю – цалкам сакрэтны аб’ект, куды не кожны ні тое што супрацоўнік КДБ, не кожны кіраўнік мае магчымасць патрапіць. Для такіх аб’ектаў акрамя фізічнай абароненасці важная і маскіроўка. Вельмі малаверагодна, што такі аб’ект знаходзіцца ў палацы Цанавы, у цэнтры Менска. У выпадку любога закалоту, будынак цэнтральнага апарата КДБ будзе першачарговым аб’ектам для нападу. А з ім і цэнтр урадавай сувязі. Сумняваюся, што гэты  цэнтр наогул месціцца ў Менску. І абсалютна ўпэўнены, што журналістаў з камерамі туды дакладна ніхто пускаць не будзе.

А яшчэ паказалі айчынную тэхніку сувязі, якая не толькі значна танней замежных аналагаў, але і можа стаць экспартным прадуктам.

У цэлым, змест тэлеінтэрв’ю Старшыні КДБ у асноўным паўтарае яго ж газетнае інтэрв’ю ў снежні 2017 года да стагоддзя спецслужбы. Асноўныя мэсэджы абодвух матэрыялаў: КДБ абараняе краіну ад знешніх пагроз; спецслужба беражэ народныя грошы, змагаючыся з карупцыяй і злоўжываннямі; дзякуючы КДБ краіна можа зарабляць грошы на экспарце новай высокатэхналагічнай прадукцыі; супрацоўнікі дзяржбяспекі аднаўляюць справядлівасць. Відавочна, што спецслужба ставіць перад сабой задачу паляпшэння свайго іміджу ў грамадстве. Беларускія спецслужбы ўвогуле і КДБ у прыватнасці адрознівае суперзакрытасць ад грамадства нават на фоне спецслужбаў ваюючых Расеі і Украіны. Ва ўмовах эканамічнага крызісу такая закрытасць гуляе супраць КДБ: падаткаплацельшчыкі не схільныя ўхваляць выдаткі, патрэба ў якіх для іх невідавочная. Большая адкрытасць асноўнай спецслужбы – прызнанне важнасці грамадскай думкі. Ці стане гэта ўстойлівым трэндам – ​​пакажа ўжо бліжэйшы час.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ