Беларусы два гады застаюцца чыстымі прадаўцамі валюты
Паводле вынікаў студзеня 2018 года, у Беларусі захавалася тэндэнцыя чыстага продажу насельніцтвам наяўнай замежнай валюты.
Насельніцтва застаецца чыстым прадаўцом 24 месяцы запар, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.
За студзень насельніцтва прадало банкам наяўнай замежнай валюты 584,3 млн долараў ЗША ў эквіваленце, а купіла ў банкаўскіх установах — 494,9 млн долараў. Такім чынам, чысты продаж наяўнай замежнай валюты фізічнымі асобамі склаў 89,4 млн долараў.
З улікам безнаяўнай валюты чысты продаж валюты насельніцтвам быў крыху меншы — 37,1 млн долараў у эквіваленце. У студзені фізічныя асобы прадалі наяўнай і безнаяўнай валюты на 693,8 млн долараў у эквіваленце, купілі — 656,7 млн долараў.
Насельніцтва выступае чыстым прадаўцом замежнай валюты з пачатку 2016 года. Эканамісты Нацбанка тлумачаць гэта тым, што за кошт раней назапашаных зберажэнняў людзі імкнуцца падтрымліваць спажыванне на больш высокім узроўні, чым можна разлічваць з улікам наяўных даходаў.
За 2017 год насельніцтва прадало банкам наяўнай замежнай валюты 7 млрд 210 млн долараў ЗША ў эквіваленце, а купіла ў банкаўскіх установах — 4 млрд 989 млн долараў. Такім чынам, летась продаж наяўнай замежнай валюты фізічнымі асобамі склаў 2 млрд 220 млн долараў.
За 2016 год насельніцтва прадало наяўнай замежнай валюты на 2,4 млрд больш, чым купіла.
1 чэрвеня 2017 года было адмененае патрабаванне рэгістрацыі банкамі пашпартных звестак фізічных асоб, якія набываюць замежную валюту. Рашэнне аб лібералізацыі валютнага рэжыму было прынятае з ініцыятывы Нацбанка з улікам стабільнай сітуацыі на ўнутраным валютным рынку.
Фота sputnik.by