Ахова прыроды ў рэжыме анлайн



Сезон палявання на пушнога звера скончыўся – не ўсе паляўнічыя пра гэта “памятаюць”. Некаторыя таварышы мелі дазвол на адстрэл зайцоў ды лісіц, а ўпалявалі дзічыну буйнейшага калібру. Добра, калі чалавек змагаецца за лепшае. Пытанне – якім коштам.

У Столінскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету расказалі пра выпадак, што здарыўся з бацькам ды сынам на паляванні. Пайшлі хлопцы на зайца, а вярнуліся з казуляй. Тушу жывёліны везлі на возе. Убачылі інспектараў – паспрабавалі яе выкінуць… Не дапамагло. Страты прыродзе былі ацэнены ў 3 тысячы рублёў (1200 еўра). Такая гісторыя браканьерства не адзіная: замест зайцоў і лісіц трапляліся казуля (Жабінкаўскі раён) і дзік (Кобрынскі раён).

Пытанне спрэчнае і нявырашанае – колькі аматараў палявання на халяву такі не сустрэліся з аховай прыроды! Затое цяпер у экалагічна свядомых і граматных грамадзянаў з’явіўся шанец дапамагчы прафесіяналам берагчы прыроду. Ад 1 лютага ў тэставым рэжыме дасяжны дадатак для смартфонаў пад строгай назвай „Дзяржінспекцыя”. Маеш смартфон – пампуеш праграмку і робішся інспектарам-аматарам у рэжыме анлайн!

Рыбалоўства ці паляванне забароненымі прыладамі? У забаронены для рыбы ці дзічыны перыяд? Ніякіх пытанняў! Фіксуеш парушэнне, дасылаеш фота з апісаннем у дзяжурную службу, а там разам з паведамленнем аўтаматычна атрымаюць і каардынаты пункта на фота. Пры патрэбе ў пазначанае месца скіруецца група ахоўнікаў прыроды. Фота дапаможа ім загадзя ацаніць сітуацыю. Важны момант – гарантыя ананімнасці таму, хто за прыроду хвалюецца. На дадзены момант дадатак спампавалі больш 1000 чалавек…

Ва ўсёй дадзенай гісторыі важна захаваць баланс: аматараў паскардзіцца, пэўна ж, будзе не менш за браканьераў і яўна больш, чымсьці “штатных” ахоўнікаў прыроды. Дадайце сюды выдаткі на бензін і… Пажывем – пабачым!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ