Сцяг Беларусі падняты ў Алімпійскай вёсцы ў Пхёнчхане



Урачыстая цырымонія падняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь на XXIII Алімпійскіх зімовых гульнях 2018 года адбылася 7 студзеня ў Алімпійскай вёсцы ў Пхёнчхане.

Гэтае сімвалічнае мерапрыемства правёў мэр вёскі Сеун Мін Ру. У цырымоніі прынялі ўдзел першы шэф беларускай місіі на Алімпійскіх гульнях, намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандр Баравуля, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Рэспубліцы Карэя Андрэй Папкоў, а таксама спартсмены і трэнеры беларускай дэлегацыі.

„Цырымонія падняцця беларускага сцяга азначае, што Алімпіяда ўжо зусім блізка. Сёння мы сабраліся разам, вельмі прыемна бачыць нашых спартсменаў, гэта аб’ядноўвае. У такі ўрачысты момант атлеты адчуваюць падтрымку ўсёй краіны”, – расказала біятланістка Дар’я Домрачава.

Адзін з самых вопытных спартсменаў у беларускай камандзе Сяргей Далідовіч адзначыў, што на кожнай Алімпіядзе цырымонія падняцця сцяга ў вёсцы для яго хвалюючы момант. „Калі сцяг краіны падымаецца на такіх буйных спаборніцтвах, для мяне гэта заўсёды хвалюючы момант, адчуваеш патрыятычныя пачуцці, мурашкі заўсёды па целе бягуць, асабліва калі ўсё ў такой урачыстай абстаноўцы”, – падкрэсліў ён.

Поспеху і ўдалых стартаў у Пхёнчхане пажадаў беларускім алімпійцам член выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта, прэзідэнт НАК Украіны Сяргей Бубка.

Традыцыйная цырымонія падняцця дзяржаўных сцягоў у Алімпійскай вёсцы – адно са старэйшых і важнейшых сімвалічных мерапрыемстваў на Гульнях. У ім прымаюць удзел усе члены спартыўнай дэлегацыі краіны, у гонар якой падымаецца сцяг. Цырымонія падняцця нацыянальных сцягоў краін-удзельніц папярэднічае афіцыйнаму адкрыццю кожных Алімпійскіх гульняў і сімвалізуе гатоўнасць алімпійцаў краіны да ўдзелу ў Гульнях.

XXIII зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане пройдуць з 9 па 25 лютага. Усяго на Гульнях будзе разыграна 102 камплекты ўзнагарод у 7 відах спорту па 15 дысцыплінах. Беларусь будзе прадстаўлена 32 спартсменамі ў шасці відах спорту.

belta.by