Беражкоў услед за Якубовічам пакінуў холдынг „СБ. Беларусь сегодня”
Вядомы журналіст Уладзімір Беражкоў пакінуў пасаду начальніка ўпраўлення інтэрнэт-праектаў холдынга „СБ. Беларусь сегодня”. Заяву аб звальненні па ўласным жаданні ён напісаў 7 лютага, на наступны дзень пасля прызначэння і прадстаўлення калектыву газеты „Советская Белоруссия” новага галоўнага рэдактара Дзмітрыя Жука. Указам прэзідэнта ён змяніў на гэтай пасадзе Паўла Якубовіча, які кіраваў газетай 22 гады.
Беражкоў займаўся праектамі холдынга з кастрычніка 2017 года. „Вынікамі працы задаволены, ні за што не сорамна. За гэты час аўдыторыя сайта павялічылася прыкладна ўдвая. На мінулым тыдні тройчы колькасць наведвальнікаў дасягала 100 тыс., а ўчора быў усталяваны рэкорд — 117 тыс.”, — паведаміў журналіст у каментары БелаПАН.
Паводле слоў Беражкова, яму было цяжка расставацца з калектывам маладых крэатыўных людзей.
„Мяне браў на працу Якубовіч — мой настаўнік. Я быў членам яго каманды, — сказаў экс-начальнік кіравання інтэрнэт-праектаў холдынга. — Яшчэ пацаном я прыходзіў да яго ў „Знамя юности” і мінулай восенню прыйшоў да яго з тым жа пачуццём, што і тады. Я думаў, што ўжо ніколі не вярнуся ў прафесію, але тым не менш гэта здарылася. Мы вырашалі канкрэтныя камерцыйныя задачы па павышэнні сваёй канкурэнтаздольнасці на рынку, актыўна займаліся „Альфа-Радыё”, якое ўваходзіць у холдынг, і тэлестудыяй. Колькасць праглядаў расла з кожным днём. У мяне была дошка з лічбамі, якія гэта адлюстроўвалі”.
Павел Якубовіч, адзначыў Беражкоў, трымаў руку на пульсе і быў ідэйным натхняльнікам праектаў, якімі займалася яго каманда. „Пакіданне пасады Якубовічам стала для мяне поўнай нечаканасцю”, — сказаў суразмоўца. З новым галоўным рэдактарам перад або пасля падачы заявы ён не сустракаўся. Заява ўжо падпісаная адным з кіраўнікоў рэдакцыі, Беражкову вярнулі працоўную кніжку.
„У мяне з Жуком добрыя асабістыя адносіны, але прыватнае і прафесійнае — розныя рэчы, — заявіў Уладзімір Беражкоў. — Я не ведаю, ці захаваецца гэтая каманда або праектамі зоймуцца іншыя людзі з іншым інструментарыем. Кожны менеджар сам падбірае сабе каманду, таму я не ў крыўдзе”.
Планаў на будучыню Беражкоў пакуль не мае: „Адкуль ім быць, калі яшчэ ўчора ты па самую макаўку быў пагружаны ў любімую справу?”
52-гадовы Уладзімір Беражкоў у 1995-2014 гадах быў галоўным рэдактарам спартыўнай газеты „Прессбол”, у 2014—2015 гадах працаваў генеральным менеджарам хакейнага клуба „Дынама” (Менск). З 13 жніўня 2015 года па 6 красавіка 2016-га знаходзіўся ў менскім СІЗА № 1 па абвінавачванні ў завалоданні грашовымі сродкамі клуба з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў. У канцы ліпеня 2016 года Беражкоў атрымаў пастанову аб спыненні крымінальнага пераследу і зняцці арышту з маёмасці. Пасля вызвалення Уладзімір Беражкоў працаваў дырэктарам дэпартамента па маркетынгу і камунікацыях Беларускай федэрацыі футбола, займаўся стварэннем у краіне спартыўнага тэлеканала.
belapan.by