Польскія фірмы шукаюць беларусаў



Украінцаў для Польшчы ўжо недастаткова. Вось чаму колькасць беларусаў, занятых у польскіх кампаніях, хутка расце.

Паводле дадзеных Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі, у мінулым годзе польскія наймальнікі падалі 1,8 млн. заяў пра намер прыняць на працу іншаземца. У тым ліку 1,7 млн. заяў датычыла ўкраінцаў, на 36% больш, чым годам раней – піша «Dziennik Gazeta Prawna». Тым не менш, усё яшчэ не хапае працоўных рук. Таму летась працадаўцы ўнесьлі 58 тыс. заяў пра намер узяць на працу беларусаў – гэта ў два разы больш, чым у 2016 годзе. Колькасць супрацоўнікаў з Беларусі будзе хутчэй за ўсё далей павялічвацца.

Чаму? Таму што ўкраінцам трэба плаціць ужо столькі ж, колькі палякам, – лічыць Моніка Банысь з кампаніі Personnel Service, якая займаецца пошукам працаўнікоў для іншых фірмаў. Таму наймальнікі ўсё часцей шукаюць працаўнікоў у Беларусі.  Зыгмунт Пелус з Цэнтра бізнэсу і турызму ў Гародні дадае, што імкліва расце лічба агенцтваў пасярэдніцтва, якія шукаюць працаўнікоў для польскіх фірмаў. Толькі ў Гародні іх каля 20, а па ўсёй Беларусі некалькі сотняў.

Сярэдні заробак у Польшчы ў тры разы вышэйшы, чым у Беларусі і ў чатыры разы большы, чым ва Украіне. Акрамя таго, беларусы прыязджаюць у Польшчу, бо ўсё цяжэй знайсці прыстойную працу ў Расеі.