Антону Неманцэвічу – 125
Беларускаму каталіцкаму святару ўсходняга абраду, рэлігійнаму і культурна-грамадскаму дзеячу, выдаўцу, педагогу і публіцысту, аднаму з ініцыятараў беларускага уніяцкага руху ў Заходняй Беларусі Антону Неманцэвічу 8 лютага спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння.
Неманцэвіч. Мастак Анатоль Крывенка. Алей. 2002.
Антон Неманцэвіч нарадзіўся далёка ад сваей радзімы – у сталіцы Расейскай імперыі Санкт-Пецярбургу. Ягоныя бацькі, Вікторыя і Ян, прыехалі туды з ваколіцаў Саколкі (Беласточчына). Бацькі выхавалі сына добрым і ахвярным каталіком. Скончыўшы вядомую ў Пецярбурзе прыватную каталіцкую гімназію святой Кацярыны, малады юнак выбраў нялёгкую святарскую дарогу. Пасля заканчэння ў 1915 годзе каталіцкай семінарыі, ён адразу паступіў у мітрапалітальную духоўную акадэмію, якая ў той час існавала ў Пецярбургу. Юнак тады быў сярод актыўных удзельнікаў беларускага культурна-асветнага гуртка разам з Адамам Станкевічам, Вінцэнтам Гадлеўскім, Андрэем Цікотам і іншымі землякамі. Сябры гэтага гуртка супольна з беларускай інтэлігенцыяй і настаўнікамі ў траўні 1917 года менавіта ў Петраградзе заснавалі Хрысціянскую дэмакратычную злучнасць (ХДЗ), якая пазней стала называцца БХД.
У Петраградзе, пасля заканчэння акадэміі, з 1918 года а. Неманцэвіч служыў вікарыем касцёлу св. Станіслава і пробашчам у Колпіне. Займаўся там рэлігійна-асветнай дзейнасцю, найперш сярод моладзі, будаваў храм на станцыі Сіверская. У Петраградзе а. Неманцэвіч за кароткі тэрмін тройчы быў пад арыштам. Першы раз – 25 траўня 1919 года пасля дэманстрацыі каталікоў да будынка ЧК з патрабаваннем вызваліць архібіскупа Эдварда Ропа, другі – 12 красавіка 1920 года па абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і трэці раз – 31 траўня 1921 года – за прапаганду супраць савецкай улады.
У 1922 годзе Антона Неманцэвіча пераводзяць у Маскву, дзе ён служыў у храме святых апосталаў Пятра і Паўла, выязджаў таксама ў каталіцкія парафіі Разані і ваколіцы, дзе не было святароў. Удзельнічаў у Маскве ў публічных дыскусіях з бальшавікамі, у тым ліку з наркомам асветы Луначарскім, пра веру і Бога. За сваю актыўную дзейнасць быў арыштаваны ў Маскве, прысуджаны да трох гадоў канцлагера. 1 лютага 1925 года бальшавікі яго абмянялі на сваіх, і Антон выехаў у Польшчу. Усё гэта гаворыць пра яго актыўную грамадзянскую пазіцыю. Ды і навуковую дысертацыю а. Неманцэвіч абараніў на тэму: “Бальшавізм і выхаванне. Сучаснае бальшавіцкае заканадаўства ў Расеі адносна рэлігійнага і маральнага выхавання моладзі ў параўнанні з правам Божым, прыродным і аб’яўленым”.
Грэка-католікі ў Альбярціне. У трэцім радзе другі справа Антон Неманцэвіч. 1935 год.
У Польшчы Антон Неманцэвіч палітычнай дзейнасцю амаль не займаўся. Але яго часопіс „Да Злучэння” быў не толькі чыста рэлігійным, але і асветніцкім.
Акрамя беларускамоўнага часопіса “Да Злучэння”, які ў 1936 годзе быў забаронены польскімі ўладамі, айцец Антон арганізоўваў рэлігійныя гурткі для дзетак-беларусаў, праца ў якіх праходзіла толькі па-беларуску.
Дакумент, напісаны Антонам Неманцэвічам пра тое, што ён ахрысціў у Альбярціне Янку Саламевіча.
Ужо як Экзарх (на пасаду экзарха для беларускіх грэка-католікаў ён быў прызначаны мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім 17 верасня 1940 года) заснаваў “Апостальства малітвы за Беларусь”. Так што па духу сваёй працы а. Неманцэвіч заўсёды адстойваў менавіта хрысціянска-дэмакратычныя каштоўнасці.
Так выглядаў Альбярцін у 1938 годзе.
Шыльда на крыжы ў Альбярціне (мікрараён Слоніма)
Памёр беларускі святар у пачатку студзеня 1943 года ў менскай турме ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці. Быў пахаваны 9 студзеня 1943 года на нямецкіх могілках у Менску святаром мясцовай праваслаўнай царквы.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара