Як знайсці баланс?
Шмат цікавостак у свеце адбываецца штодзень! Forbes упершыню (усё калісьці здараецца першы раз!) склаў рэйтынг бізнэсоўцаў, што сталі заможнымі дзякуючы крыптавалюце.
Першы радок тут належыць заснавальніку крыптавалютнай платформы Ripple Крысу Ларсэну – яго прыбыткі ацэньваюцца ў 7,5-8 мільярдаў долараў. Можна прыдзірліва вывучаць рэйтынг далей, але прозвішчы з яго нічога простаму беларусу не скажуць, як і выраз “майніць біткоіны”. Затое мы можам паразважаць пра рост коштаў, пенсій і нашы заробкі – тэма балючая ды надзённая.
FINANCE.TUT.BY зірнулі на сярэднія снежаньскія пенсіі суайчыннікаў з розных рэгіёнаў краіны. Лідарамі прадказальна сталі менчукі (333,7 рублі). У “адстаючых” – пенсіянеры Берасцейскай вобласці (299,8 рублі). Гомельская вобласць выйшла наперад у памеры пенсій па інваліднасці – 320,2 рублі (невясёлае такое лідарства!) Варта згадаць, што ў пачатку студзеня бягучага года ў Беларусі было 2 мільёны 593,7 пенсіянераў. Вы яшчэ не атрымалі надзейны, сацыяльна абаронены статус? То маеце шанец трапіць на кірмаш вакансій і знайсці ў рэшце рэшт сваё законнае месца працы, каб статус дармаеда не прычапіўся да вас. Небяспечны і супярэчлівы статус!
У горадзе Вілейка сталічнай Менскай вобласці 14 лютага пройдзе кірмаш вакансій. Запрашаюць усіх жадаючых. Месца дзеяння – зала пасяджэнняў падатковай інспекцыі. Час сустрэчы – ад 11 да 13 гадзін. “Рэгіянальная газета” паведамляе, што на кірмашы беспрацоўныя змогуць пазнаёміцца з актуальнымі вакансіямі і сустрэцца з 20 зацікаўленымі арганізацыямі. Дата рамантычная, мэта прагматычная, але магчыма для кагосьці гэта будзе лёс? І зоркі супадуць, і праца знойдзецца, і на заробак ад яе можна будзе пражыць, а то ўначы паліва на беларускіх запраўках падаражэла на 1,5% – ад 2 да 12 капеек…
Жыццё на мікра- і макраўзроўнях моцна адрозніваецца, але праблема захавання фінансавага балансу застаецца актуальнай паўсюль і заўжды.