У Слоніме каля ваенкамата і суда паставілі гармату Д-44
У Слоніме 9 лютага каля будынка ваеннага камісарыята Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў і суда Слонімскага раёна на Берасцейскай вуліцы паставілі савецкую гармату Д-44.
Урачыстае адкрыццё яе запланавана на 23 лютага. Савецкі Саюз у Слоніме працягваецца. І гармата будзе радаваць тых, хто па-ранейшаму настальгуе па СССР. Дарэчы, у Слоніме ў старажытным цэнтры горада ужо стаіць помнік-танк Т-34. На тэрыторыі Слонімскай 11-й механізаванай брыгады таксама панастаўлена шмат розных помнікаў ваеннай тэхнікі. У горадзе яшчэ ёсць чатыры помнікі Леніну.
Так што жыхары горада над Шчарай будуць працягваць жыць у былым СССР. Хаця слонімцы гэтай гарматай незадаволены, бо каля ваенкамата і суда маглі б быць прыгожы фантан ці помнік знакамітаму слонімцу, напрыклад Льву Сапегу, які 48 гадоў з’яўляўся слонімскім старостам, вайскоўцам і дыпламатам. Але на гэта ў мясцовых вертыкальшчыкаў розуму не хапае.
Таму і з’яўляюцца ў старажытным і багатым на гісторыю і асобаў горадзе гарматы і танкі стваламі накіраваныя на захад.
Марына Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара