Павал Станеўскі: Мы не можам зрабіць канкурэнцыю ўладам



Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі “Справядлівы Свет” Павел Станеўскі канстатуе, што падчас мясцовых выбараў 2018 года прадстаўнікі апазіцыі не могуць зрабіць рэальную канкурэнцыю прадстаўнікам улады.

Павал Станеўскі распавядае пра канкурэнтаў, якіх  улада вылучыла на акругах, дзе на выбары  ідуць прадстаўнікі партыі:

– На маёй акрузе дырэктар Гарадзенскага малкамбіната. Я звярнуў увагу, што многія акругі ўвогуле безальтэрнатыўныя. Апазіцыя ў нас зараз раздробленая, і таму мы не можам закрыць усе акругі і зрабіць рэальную канкурэнцыю ўладзе. Таму такая сітуацыя.

Аднак палітык канстатуе, што гэтыя выбары самыя спакойныя з тых,  у якіх прадстаўнікі партыі ўдзельнічалі за апошнія 10 год:

– На здзіўленне, нейкіх сур’ёзных праблем у нас няма. Мы падрыхтавалі і падалі ўсе дакументы. 

Прадстаўнікі партыі “Справедлівы Свет” вылучылі чатырох сваіх кандыдатаў у Гарадзенскі абласны савет, а таксама два прадстаўнікі партыі вылучаны ў гарадскі савет Гародні, у тым ліку і кіраўнік партыі па Гарадзеншчыне Павел Станеўскі.   

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня