Анатоль Лябедзька: Нам важна зараз замерыць палітычны градус



Пікет кандыдатаў у гарадскі Савет дэпутатаў з удзелам лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі прайшоў у Берасці. Агітацыйнае мерапрыемства адбылося каля кінатэатру „Беларусь”.

„Мы збіралі чаканні берасцейцаў ад палітычнай кампаніі і ў цэлым ад сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне,” – распавёў палітык.

– Вельмі важна замерыць зараз палітычны градус – на што людзі арыентуюцца, чаго яны хочуць, чаго яны чакаюць. Тут няма ў нас ніякіх ілюзій з дэпутатскімі мандатамі, якія проста даюць тым, хто прызначаны. Мы не на гэта арыентуемся. Але разам з тым, праехаўшы па рэгіёну, скажу, што ў многіх нашых вылучэнцаў будзе электаральная перамога. Эта азначае, што ад той колькасці, хто прыйдзе, большасць прагаласуе за іх.

У бліжэйшыя выходныя, 10 і 11 лютага, сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі працягнуць абыход кватэраў у межах агітацыйнай кампаніі. Яны збіраюць праблемы берасцейцаў і іх кантакты для працы пасля выбараў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце