Інфляцыя ў студзені склала 0,8%



Спажывецкія цэны ў студзені 2018 года ў параўнанні са снежнем 2017-га выраслі на 0,8%, да студзеня 2017-га — на 4,5%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Для параўнання: у студзені 2017 года цэны павялічыліся на 0,9%.

У студзені 2018 года па адносінах да снежня цэны на харчовыя тавары выраслі на 0,8% (за год — на 3,8%), на нехарчовыя — знізіліся таксама на 0,8% (на 2%), на паслугі — выраслі на 0,5% (на 9,8%).

Па выніках 2017 года зафіксаваная самая нізкая ў гісторыі суверэннай Беларусі інфляцыя — 4,6%. У 2016 годзе спажывецкія цэны выраслі на 10,6%.

Згодна з планамі ўрада, рост спажывецкіх цэн у 2018 годзе павінен скласці не больш за 6% (у першым квартале — 2,7%, за паўгоддзе — 4,1%, за тры кварталы — 4,3%).

Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады прадугледжанае зніжэнне інфляцыі да 5%.

У каментары БелаПАН кандыдат эканамічных навук Уладзіслаў Ярашэвіч раней адзначаў, што прычынай нізкай інфляцыі з’яўляецца жорсткая грашова-крэдытная палітыка. Робячы прагноз на 2018 год, эксперт адзначыў: „Вядзецца палітыка па росце даходаў насельніцтва і росце заробкаў, асабліва ў бюджэтнай сферы. Адразу на 30% паднятыя аклады для нізкааплатных работнікаў гэтай сферы, задняй датай на тыя ж 30% павышаныя аклады для прафесарска-выкладчыцкага складу. Не выключана, што падобныя рашэнні будуць прымацца і далей. І як яны будуць уплываць на інфляцыю, цяпер складана сказаць. Але, хутчэй за ўсё, інфляцыя будзе трохі паскарацца. Сур’ёзна ўзраслі і аб’ёмы спажывецкага крэдытавання. Рост даходаў будзе і далей працягвацца. Трэба мець на ўвазе і палітычныя кампаніі: мясцовыя выбары, не за гарамі і прэзідэнцкія. Думаю, што інфляцыя будзе расці, але хочацца верыць, што яна не перавысіць 10%”.

„Думаю, што ўтрымаць інфляцыю у 2018 годзе ў межах 6% будзе складана”, — заявіў БелаПАН кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса, член Савета па развіцці прадпрымальніцтва Яраслаў Раманчук. „Напружанне на знешніх рынках будзе расці. Будзе націск з боку расійскага рубля, які будзе рэзка дэвальвавацца. Будзе націск з боку расійскіх вытворцаў, якія будуць абараняць свой рынак ад беларускіх канкурэнтаў, якія часта прадаюць прадукцыю па цэнах ніжэйшых, чым на ўнутраным рынку, што забаронена правіламі СГА, і сумленнай канкурэнцыі ў рамках ЕАЭС. Казаць пра тэндэнцыі стабільнага эканамічнага росту і невысокай інфляцыі пакуль не выпадае”, — адзначыў Раманчук.  БелаПАН