Васіль Герасімчык: Каліноўскі па-ранейшаму больш легенда, чым рэальны дзеяч



Прэзентацыя кніжкі гісторыка Васіля Герасімчыка „Кастусь Каліноўскі: Асоба і легенда” прайшла ў гарадзенскай этна-краме „Цудоўня”.

Кніжка, выданне якой прымеркавана да 180-годдзя беларускага нацыянальнага героя, аздоблена ілюстрацыямі і выйшла з-пад варштату выдавецтва „Юрса-прынт”. Наклад кнігі ўжо амаль разышоўся. Некалькі дзясяткаў гарадзенцаў пачулі з вуснаў аўтара сем гісторыяў, якія апісаны ў гэтай кнізе. 

– Як вы бачыце, кніжка змяшчае, дакладней вокладка, шэраг сімвалаў. Бачыце, карта. Першапачаткова задумвалася як простая карта, якая сімвалізуе асобу і легенду. Таму што ў нас, на жаль, Канстанцін Каліноўскі – гэта перш за ўсё легенда. Многія пра яго, нават самі гісторыкі, нічога не ведаюць, але гаварыць любяць і вельмі многа гавораць, асабліва дзякуючы пазіцыі літаратуры, “Каласы пад сярпом тваім”, створаны вобраз і г.д. А што ён за чалавек? Чалавек, які рабіў свае памылкі.

Паводле Васіля Герасімчыка, у Кастуся Каліноўскага былі перыяды ў жыцці, калі Кон мог яму падараваць звычайнае чалавечае жыццё. Але ён ахвяраў яго дзеля ідэі, не здрадзіўшы сябрам.

Якое месца займае шанаванне асобы Кастуся Каліноўскага ў нашай краіне спрабуе ацаніць адзін са слухачоў на прэзентацыі Ян Лялевіч:

– Стаўленне да нашых беларускіх дзеячоў сярод жыхароў краіны наогул вельмі паслабленае, у прыватнасці калі казаць пра Каліноўскага, то баюся, што ён менш грае ролю, на дзяржаўным узроўні, у нейкіх дыскурсах, таксама на школьным, педагагічным узроўні, у параўнанні нават з савецкім часам. Давайце ўзгадаем, што Кастусь Каліноўскі тады мажліва лічыўся не столькі нейкім нацыянальным дзеячом, колькі сацыялістычным дзеячом, антыцарскім дзеячом.

У пачатку 90-х Ордэн Кастуся Каліноўскага быў найвышэйшай узнагародай Беларусі, які не ўзгадваецца цяпер, пры Лукашэнку. У памяці гарадзенцаў кампанія па зборы грошаў, калі са згоды мясцовых уладаў планавалася ўсталяваць помнік Кастусю Каліноўскаму на вуліцы Савецкай. Але помнік так і не з’явіўся. Гэта паказвае, што калі беларуская інтэлігенцыя гатовая да ўшанавання памяці нацыянальнага героя, то ўлады – яшчэ не. Таму выхад кнігі Васіля Герасімчыка – гэта адказ апанентам, якія адмаўляюць вялікую ролю Каліноўскіх: Кастуся і Віктара, яго старэйшага брата.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара