Сёння на алімпіядзе біятлонныя гонкі пераследу



У нядзелю завяршыўся другі дзень Алімпійскіх гульняў у Пхенчхане. Беларусы правялі яго няўдала, не здолеўшы ні разу патрапіць у „топ-30” у сваіх дысцыплінах.  Гарналыжнік Юрый Данілачкін на старт не выйшаў, паколькі спаборніцтвы ў хуткасным спуску былі адмененыя з-за умоў надвор’я.

Скіатлон пачаўся з непрыемнага сюрпрызу — ужо на чацвёртым кіламетры з дыстанцыі сышоў лыжнік Сяргей Далідовіч. Беларус, які выступае на сваёй сёмай Алімпіядзе, не дабраўся да адзнакі ў 4 кіламетры 630 метраў.  „Сышоў з дыстанцыі з-за праблем з бронхамі і ўсім, што з гэтым звязана. Калі тэмпература ніжэй за -15, імкнуся не бегаць. На стадыёне было -12, на далёкай кропцы ўжо -17. Плюс вецер. Калі і далей будзе такі мароз, то будзе цяжкавата. Наступная гонка 16 лютага, час на аднаўленне ёсць”, — напісаў Далідовіч.

У мужчынскім біятлоне беларускі квартэт у стартавай гонцы вышэй за галаву не скокнуў, фінішаваўшы па-за „топ-30”. Дыстанцыю можна занесці ў актыў хіба што Антону Смольскаму, які паказаў лепшы вынік у кар’еры – 35 месца. Лепшым сярод беларусаў стаў Уладзімір Чапелін, які фінішаваў 34-м. Раман Елетнаў з-за нездавальняючай стральбы не здолеў адабрацца ў гонку пераследу. Выйграў алімпійскае золата ў спрынце немец Арнд Пайффер. Галоўныя фаварыты завалілі стральбу і засталіся без медалёў. Мартэн Фуркад дапусціў 3 промахі на першым агнявым рубяжы. Праўда, на другой стральбе быў бездакорны, і за кошт высокай хуткасці заняў 8-е месца з адставаннем ў 22 секунды, што цалкам прымальна для штурму п’едэстала ў гонцы пераследу.

Сёння на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхенчхане будзе разыграна 8 камплектаў узнагарод. Беларусы выступяць у трох відах спаборніцкай праграмы. Заўзятары спадзяюцца, што сёння паспяхова праявяць сябе беларускія біятланісткі, якім трэба будзе правесці гонку пераследу на 10 км. Лідар зборнай Беларусі Дар’я Домрачава пойдзе на дыстанцыю 9-й, адстаючы ад пераможцы спрынту немкі Лауры Дальмаер на 46 секунд. У Ірыны Крыўко 17-я стартавая пазіцыя, Надзея Скардзіна стартуе 36-й, у Надзеі Пісаравай 52-і нумар сярод 60 удзельніц пасьюта.

У мужчынскай гонцы пераследу на 12,5 км выступяць 3 прадстаўнікі Беларусі: Уладзімір Чапелін, Антон Смольскі і Сяргей Бачарнікаў. Беларуская канькабежка Марына Зуева паспрачаецца за ўзнагароды на дыстанцыі 1500 м. Гарналыжніца Марыя Шканава паспрабуе паказаць добры вынік у гіганцкім слаламе.

Без беларускіх атлетаў адбудуцца медальныя старты ў скачках на лыжах з трампліна, санным спорце, сноўбордзе, фігурным катанні і фрыстайле.

Беларускае Радыё Рацыя