Дашкевіча і Пальчыса будуць судзіць за дробнае хуліганства



Аднаго з лідараў незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі „Малады фронт” Зміцера Дашкевіча і блогера Эдуарда Пальчыса будуць судзіць за дробнае хуліганства пасля наведвання менскага барбершопа „Чэкіст”, дзе яны прапанавалі ўладальнікам змяніць назву ўстановы.

Як паведаміў БелаПАН Дашкевіч, сёння са сваёй паштовай скрыні ён выцягнуў копію міліцэйскага пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзенага ў дачыненні да яго 6 лютага. Дашкевіча абвінавачваюць у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КоАП). Паводле версіі міліцыі, у сталічным барбершопе „Чэкіст” 9 студзеня ён „упарта навязваў сваю прысутнасць” адміністрацыі ўстановы, „ва ўльтыматыўнай форме патрабаваў змяніць назву і мэблю, на неаднаразовыя заўвагі спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагаваў”.

Пратакол складзены паводле вынікаў разгляду заявы ў міліцыю на Дашкевіча, пададзенай уладальнікамі арганізацыі. „Ідуць дні, праходзяць дзесяцігоддзі, а ў чэкісцкіх падыходах нічога не мяняецца — даносы, фальсіфікацыі, хлуслівыя прысуды”, — пракаментаваў актывіст.

У сваю чаргу Пальчыс паведаміў у „Фэйсбуку”, што ў яго дачыненні таксама складзены пратакол за „дробнае хуліганства”.

9 студзеня Дашкевіч разам з Пальчысам і яшчэ некалькімі грамадскімі актывістамі наведалі нядаўна адкрыты ў цэнтры Мінска барбершоп „Чэкіст”. Падчас размовы з адміністрацыяй установы яны прапанавалі змяніць назву, бо яна асацыюецца з часамі сталінскага тэрору і рэпрэсій. У выпадку, калі яны гэта зробяць, Дашкевіч, які займаецца цяслярствам, прапанаваў зрабіць для ўстановы новую мэблю.

Фота Дар’я Буракіна/ TUT.BY