Клуб імя Мяшкова захаваў 6-е месца ў групе В Лігі чэмпіёнаў



Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова пасля 11 тураў захоўвае 6-е месца ў групе В Лігі чэмпіёнаў.

У чарговым паядынку каманда Сяргея Бябешкі прымала на сваёй арэне дацкі „Ольбарг” і не здолела адолець гасцей, згуляўшы ўнічыю 23:23. Свой наступны матч БГК правядзе 17 лютага ў гасцях у венгерскага „Веспрэма”, які ў папярэднім туры ўступіў на выездзе нямецкаму „Кілю” з лікам 20:22. Безагаворачны лідар групы В французскі „Пары Сен-Жэрмен” атрымаў дзясятую вікторыю, атрымаўшы перамогу ў гасцях над славенскім „Цэле” – 31:26. Нямецкі „Фленсбург” на сваёй пляцоўцы згуляў унічыю з польскім „Вівэ” – 32:32.

Становішча каманд пасля 11 гульнявых дзён: „Пары Сен-Жэрмен” – 20 ачкоў, „Фленсбург” – 15, „Веспрэм” – 13, „Кіль” – 13, „Вівэ” – 9, БГК імя Мяшкова – 8, „Ольбарг” – 5, „Цэле” – 5.

Каманды групы А таксама згулялі па 11 матчаў: „Вардар” (Македонія) – 18 ачкоў, „Нант” (Францыя) – 17, „Барселона” (Іспанія) – 14, „Райн Левен” (Германія) – 12, „Пік” (Венгрыя) – 11, „Вісла” (Польшча) – 6, „Крысціянстад” (Швецыя) – 6, „Заграб” (Харватыя) – 4.

Групавы этап чэмпіёнскай Лігі фінішуе 4 сакавіка, пасля чаго па 6 лепшых каманд з кожнай групы прадоўжаць барацьбу ў матчах плэй-оф.

belta.by