Актывісты выпусцілі плакаты да гадавіны лагеру абароны Курапатаў



Грамадскія актывісты вырабілі плакаты прысвечаныя „Ночы расстраляных паэтаў”. Плакаты перададуць уласнікам пляцовак, якія пагодзяцца змясціць іх у публічнай прасторы для пашырэння памяці пра сталінскія рэпрэсіі.

20 лютага 2017 паўстаў лагер абароны Курапатаў — пратэстны лагер на пляцоўцы насупраць дому № 49 па вул. Мірашнічэнкі ў Менску. Актывісты дамагаліся спынення будаўніцтва офіснага цэнтру на спрэчнай тэрыторыі, якая ў пэўны час знаходзілася ў ахоўнай зоне Курапацкага ўрочышча. Змаганне было паспяховым, і праз два тыдні будоўлю спынілі, а лягер быў згорнуты.

Да гадавіны пратэсту актывісты выпусцілі плакаты прысвечаныя „Ночы растраляных паэтаў”. Гэтую дату лічаць сімвалам сталінскіх рэпрэсій, ад якіх пацярпелі дзясяткі тысяч жыхароў Беларусі. Грошы на выданне былі сабраныя падчас дзейнасці лагера.

„На плакаце ў вертыкальным становішчы змешчаны імёны 132 расстраляных у ноч 29 кастрычніка 1937, што стварае форму гукавай хвалі і лінюю біцця сэрца, якую рассякае куля. След ад кулі павялічваецца, сціраючы літары ў імёнах, і чым далей, тым складаней прачытаць. Сціраюцца імёны, а з імі і памяць пра падзею. Плакат створаны, каб памятаць”, — апавядае аўтар ідэі, менскі дызайнер Аляксандр Чабатароў.

Усяго было выпушчана 100 плакатаў, на кожным пазначаны яго парадкавы нумар. Для распаўсюду інфармацыі пра сталінскія рэпрэсіі актывісты стварылі адмысловае відэа, што ілюструе падзеі ночы 29 кастрычніка 1937.