Беларуская ЦВК возьме ўдзел у назіранні за выбарамі прэзідэнта Расеі
Прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама Беларусі возьмуць удзел у назіранні за чарговымі выбарамі прэзідэнта Расеі, якія адбудуцца 18 сакавіка.
У якасці назіральнікаў у Расею будуць накіраваныя Алена Дмухайла і Ірына Цалікавец, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 13 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску. „Нашы назіральнікі будуць як бы ў дзвюх іпастасях: з аднаго боку, яны будуць гасцямі Цэнтрвыбаркама Расіі, з іншага — яны будуць падпісваць тую заяву, якую зробіць місія СНД па выніках назірання за выбарамі прэзідэнта Расейскай Федэрацыі”, — сказала Ярмошына.
Кандыдатамі ў прэзідэнты Расеі зарэгістравана восем чалавек: Сяргей Бабурын ад партыі „Расейскі агульнанародны саюз”, Павел Грудзінін ад Камуністычнай партыі Расейскай Федэрацыі, Уладзімір Жырыноўскі ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расеі, цяперашні прэзідэнт Уладзімір Пуцін у якасці самавылучэнца, Ксенія Сабчак ад партыі „Грамадзянская ініцыятыва”, Максім Сурайкін ад партыі „Камуністы Расеі”, Барыс Цітоў ад Партыі Росту і Рыгор Яўлінскі ад партыі „Яблака”.