У Берасці працягнуць будаўніцтва акумулятарнага завода



Берасцейскі аблвыканкам не бачыць падстаў для прыпынення будаўніцтва акумулятарнага завода. Пра гэта гаворыцца ў адказе, атрыманым ад абласной улады на калектыўны зварот жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна, паведаміў праваабаронца Раман Кісляк.

„Аблвыканкам аргументуе сваю пазіцыю тым, што будаўніцтва завода вядзецца ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам”, — дадаў праваабаронца.

Ён нагадаў, што 25 студзеня ў Берасцейскі аблвыканкам быў накіраваны зварот з патрабаваннем прыпыніць узвядзенне акумулятарнага завода пад Берасцем. Пад гэтым дакументам падпісаліся 973 чалавекі.У ім звярталася ўвага ўладаў на тое, што рашэнне аб будаўніцтве завода было прынятае без адпаведных грамадскіх абмеркаванняў, для вытворчасці акумулятараў будзе выкарыстоўвацца свінец, які з’яўляецца адным з самых шкодных рэчываў і яго выкіды могуць нанесці велізарную шкоду навакольнаму асяроддзю і здароўю мясцовых жыхароў. 

„Такі адказ аблвыканкама не задавальняе людзей, абураных будаўніцтвам завода. Мы працягнем дабівацца прыпынення будоўлі, правядзення грамадскіх слуханняў з удзелам жыхароў Берасця і раёна, — заявіў Кісляк. — Паводле даных на 12 лютага, супраць будаўніцтва завода ўжо падпісаліся 33.576 чалавек”.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПауэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык будаўніцтва — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

 
 
Фота sputnik.by