У Гародні – радыё без людзей



У Гародні пачало працу інтэрнэт-радыё, якое робяць боты. Ствараюць кантэнт інтэрнэт-радыё робаты партала s13.ru, якія зачытваюць таксама навіны кожную гадзіну сваімі металічнымі галасамі.

Пра радыё распавядае адміністратар гарадзенскага блога s13.ru Сяргей Чабоцька:

– Сутнасць радыё ў тым, што яно вяшчае круглыя суткі, абсалютна без удзелу чалавека. Кантэнт і навіны генеруюцца на аўтамаце. Навіны чытаюць нашыя робаты Максім і Таццяна. У будучым плануем вызначыць, хто больш падабаецца слухачам, і пакінуць нейкага аднаго асноўнага радыёвядоўцу-бота.

Сяргей Чабоцька ўпэўнены, што ўжо праз некаторы час зменіцца палітыка навінаў на гэтым інтэрнэт-радыё.

– Мы ўчора запусціліся ў тэставым рэжыме і пакуль адладжваем тыя працэсы, якія на сённяшні дзень фарміруюць наш трэк-ліст, і непасрэдна начытку навінаў. А навіны, гэта ў асноўным навінная плынь з сайта s13.ru. На гэты момант кожную гадзіну вядзецца вычытка апошніх шасці навінаў. Але ў будучым ёсць планы рэалізаваць у канцы і пачатку дня начытку самых цікавых, згодна наведвальнікаў сайта, навінаў.

Музычны плэй-ліст гарадзенскага інтэрнэт-радыё http://s13.ru/radio/ складаюць таксама робаты, аднак ужо цяпер там ёсць песні гуртоў Brutto ды Dzieciuki, якіх не пачуеш на хвалях беларускага дзяржаўнага радыё.

Беларускае Радыё Рацыя