Гародня: парэшткі жаўнераў перадалі ў ваенкамат



Знойдзеныя пры пабудове гандлёвага цэнтру Triniti  ў Гародні парэшткі жаўнераў Другой сусветнай вайны перадалі ў ваенкамат. Гэтыя знаходкі ў Гародні – першыя за апошнія пяць год.

Пра знаходкі распавядае маркетолаг ТРК Triniti Сяргей Іваноў:

– Знайшлі амуніцыю і чалавечыя парэшткі. Меркавана, гэта байцы часоў Другой сусветнай вайны. Папярэдне па касцях ног бачна, што гэта тры салдаты. Знойдзены 133 патроны. Часткі зброі, часткі амуніцыі. Таксама знойдзены медальён. Усё перададзена ў ваенкамат. Гісторыкі будуць гэта вывучаць. Іх змогуць пахаваць, і родныя нарэшце даведаюцца, дзе яны пахаваны.

Цяпер працы па будаўніцтве гандлёвага цэнтру спыненыя і на месцы працуе пошукавая група з Менску. Непадалёк знаходзіцца помнік невядомым жаўнерам, якія загінулі  у гэтых мясцінах падчас ІІ Сусветнай вайны.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота БелТА