Бульба застаецца зімаваць
Пачалася Масленіца – пачынаем актыўна есці бліны ды дзяліцца сваімі незвычайнымі рацэптамі! У працэсе можна завітаць на выбарчы ўчастак – пачалося датэрміновае галасаванне на мясцовых выбарах! Гэта Беларусь, дзетка – не адкладай на заўтра тое, што можна з’есці – выбачайце, зрабіць! – сёння. Так і жывем. Прыцярпеліся!
Вось і ў Барысаве здарылася чарговая аварыя на “Барысаўдрэве”, якую зафіксавалі на відэа і запампавалі на ютуб мясцовыя жыхары. Адбылася гісторыя 11 лютага, на прамінулых выходных – выпаў такі сабе жоўты снег і камякі, падобныя на брудную вату… Можа, і не страшна, але ж каментарыі экалагічнай службы прадпрыемства гучаць злёгку так па-хамску: “Не разводзьце паніку!” Маўляў, калі і было штосьці, то падзякуйце за бясплатнае “ўгнаенне”! Спіце спакойна! Раённыя эколагі заявілі: яны ў курсе і прымаюць меры. Цудоўна.
Наша беларуская нацыянальная гульня ў выбары працягнецца аж да выходных (уключна з імі!), а Дзень закаханых, што папулярны ў многіх іншых краінах, – гэта толькі адзін зімовы дзень 14 лютага… І вы разумееце, што варта адзначыць яго так, каб потым не было сумна згадаць, праўда? Тут важны момант – кухня! Экзатычныя рэцэпты і рамантычная вячэра – для слабакоў! Падарыце сваёй палове кнігу: 14 лютага – гэта ў дадатак да ўсіх рамантычных інгрэдыентаў яшчэ і Дзень дарэння кніжак.
То падарыце сваёй “палове” “Энцыклапедыю страў з бульбы” аўтарства Аляксандра Баханькова. Вось вы ведалі, спадарства, што смажаную бульбу трэба есці нажом і відэльцам, а дранікі і аладкі — з дапамогай двух відэльцаў? Да таго ж з бульбы можна гатаваць не толькі першыя і другія стравы, але і пасту, ікру, масла, крэм і нават напоі…. 2500 рэцэптаў у адной кнізе! Смачна і патрыятычна, хоць і на рускай мове. Гэта Беларусь, дзетка! Хутка тут выбары, але што гэта змяняе? Бульба застаецца зімаваць…