Дзмітрый Кудранок: Я буду змагацца за кожны голас



Кандыдат у дэпутаты Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад левых сіл Дзмітрый Кудранок заявіў, што мае інфармацыю пра падрыхтоўку на ягонай акрузе фальсіфікацыі вынікаў галасавання. У сувязі з гэтым ён запісаў зварот да мясцовых уладаў, у якім абяцае з дапамогай рабочых «Пінскдрэва» прыцягнуць шырокую ўвагу да выбараў.

Дзмітрый Кудранок кажа, што ягоная каманда будзе змагацца за кожны голас:

— Незалежны падлік мы будзем весці. Будзем весці на выбарчых участках, паблізу выбарчых участкаў мы будзем праводзіць падлік галасоў, каб мець аб’ектыўную карціну. Ведаючы беларускія рэаліі, майго апанента на выбарах хутчэй за ўсё прымусілі балатавацца, бо  ані агітацыі ані якіх знешніх адзнак перадвыбарчай актыўнасці няма.

Паводле слоў кандыдата, інфармацыю пра намер фальсіфікацыі ён атрымаў ад аўтарытэтнай крыніцы, якая працяглы час сама знаходзілася ў Пінскім гарадскім органе самакіравання.

Беларускае Радыё Рацыя