Міністр абароны: Цела салдата Коржыча правісела ў пятлі сем дзён



Міністр абароны Андрэй Раўкоў на прэсавай канферэнцыі ў Менску распавёў пра стан расследавання гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў Печах пад Барысавам. Смерць Коржыча спачатку была аб’яўлена суіцыдам, але пасля магутнага грамадскага рэзанансу, выкліканага заявамі маці загінулага і яго сяброў, справа дайшла да кіраўніцтва краіны.

Паводле міністра, зараз існуе пяць крымінальных спраў. Адна заведзеная супраць двух сяржантаў, якія здзекваліся фізічна і маральна з Коржыча.

– Яшчэ адна крымінальная справа заведзена па факце махлярства ў адносінах страшыны роты, які пад падставай зняцця 45 рублёў для асабістых патрэб атрымаў ад салдата пластыкавую картку і выкраў з яе не меньш чым 180 рублёў. Дзве крымінальныя справы пачатыя ў адносінах камандзіра роты і яго намесніка, якія ведалі пра тое, што адбываецца ў роце, але бездзейнічалі. Разам з пачатай у першыя дні крымінальнай справай па факце суіцыду салдата, такіх крымінальных спраў зараз пяць.

Міністр таксама даў сваю асабістую ацэнку таго, што адбывалася ў месцы службы Коржыча.

– Для мяне, як міністра абароны, самае непрыемнае тое, што гэтага салдата “згубілі” на сем дзён. Ён сем дзён, мяркуючы па ўсім, правісеў у пятлі. І людзі, і структуры, якія мусілі ўлічваць гэта, яго проста “згубілі”. Таму я, як міністр абароны, і па маёй просьбе кіраўнік дзяржавы шэраг службовых асоб без шкадавання адхілілі ад пасад. І звольнілі з узброеных сіл. Я такога ніколі ў сваім жыцці не сустракаў, каб салдат быў “згублены” на сем дзён.

Андрэй Раўкоў падкрэсліў, што праверкі прайшлі ва ўсіх ваенных частках краіны, зараз дзеля дадатковага кантроля прымяняюцца тэхнічныя сродкі назірання. Але, на ягоную думку, галоўныя чыннікі з’яўлення дзедаўшчыны – адсутнасць кантроля і ўзаемадзеяння з боку кіраўніцтва вайсковымі падраздзяленнямі і кепская выхаванне ў сям’і і школе.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * * 

За чатыры месяцы пасля гібелі 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча пачата 48 крымінальных спраў, у тым ліку 22 — у 72-м аб’яднаным навучальным цэнтры Узброеных сіл у Печах, паведаміў міністр абароны Андрэй Раўкоў 14 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Пяць крымінальных спраў, сказаў міністр, распачатыя менавіта ў сувязі са справай Коржыча. Астатнія (па фактах грубасці, злоўжыванняў) — пасля праверкі сітуацыі ва ўсіх часцях беларускай арміі. Яе праводзілі Мінабароны, СК і ўпраўленне ваеннай контрразведкі КДБ.

Салдат тэрміновай службы Аляксандр Коржыч загінуў у кастрычніку 2017 года. Яго цела было знойдзена ў пятлі ў падвале будынка на тэрыторыі вайсковай часткі ў Печах.

Пасля таго, як пра справу сталі інфармаваць СМІ, пра яе выказаўся кіраўнік дзяржавы ды запатрабаваў правесці аб’ектыўнае расследаванне. Следства разглядае некалькі версій: наўмыснае забойства, самазабойства, давядзенне да самазабойства.

belapan.by