Журы прэміі «Дэбют» абвясціла поўны спіс намінантаў



Журы прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча агучыла спіс усіх прэтэндэнтаў на прэмію. Апрача кніг за 2017 год, у спіс трапілі два выданні 2016 года, якія не ўдзельнічалі ў конкурсе ў папярэднім годзе (П. 1.4.1. Палажэння аб прэміі).

Проза

Іван Стома. Па жывых сьлядах даўно памерлых продкаў. – Полацак: Выдавецкая ініцыятыва „Полацкае ляда” Максім Кутузаў. Князь-ваўкалак. – Менск: Галіяфы Зміцер Кустоўскі. Прытулак. – Менск: Галіяфы Ніна Лістота. Каханні. – Менск: Кнігазбор Аліна Длатоўская. Ген зямлі. – Менск: Кнігазбор Зараслава Камінская. Русалкі клічуць. – Менск: Кнігазбор

Паэзія

Янка Каліноўскі. Падслуханае сьценамі шматпавярховак. – Менск: Галіяфы Яніна Пінчук. Фарбы душы. – Менск: Галіяфы Уладзімір Мірончык. Беларусам. – Менск: Каўчэг

Пераклад

Алесь Плотка (з украінскай): Юрый Іздрык. Папяросы. – Самвыдат Алесь Плотка (з украінскай): Іван Сэмесюк. Эвалюцыя альбо смерць! Прыгоды павіяна Томаса. – Кіеў: Люта справа Андрэй Кім (з ангельскай): Клайв Стэплз Льюіс. Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і Гардэроб. – Менск: Пазітыў-цэнтр Гання Комар, Юля Цімафеева, Наталля Бінкевіч (з ангельскай): Чарльз Букоўскі. Святло, і паветра, і месца, і час. – Менск: Харвест Алена Казлова (з фінскай): Цім Парвела. Эла і сябры. – Менск: Мастацкая літаратура Ігар Кулікоў (з санскрыту): Рыгведа. – Менск: Медысонт Марына Дзергачова (з ангельскай): Мэры Шэлі. Франкенштайн, ці Сучасны Праметэй. – Менск: Кнігазбор

Кароткі спіс будзе абвешчаны да 1 сакавіка.

Пераможцы прэміі ў кожнай з намінацыяў атрымаюць чэк ад Фонду “Вяртанне” на суму, эквівалентную 2000$ паводле курсу Нацыянальнага банка РБ. Таксама журы можа прыняць рашэнне пра ўручэнне заахвочвальных прызоў. Згодна з Палажэннем прэміі, у адной ці некалькіх намінацыях пераможца можа не вызначацца.

Сёлета ў журы прэміі ўвайшлі: Павал Бераговіч, Ігар Бабкоў, Міхал Бараноўскі, Марына Весялуха, Сяргей Дубавец, Марыя Мартысевіч, Усевалад Сцебурака.

Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча была заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Сярод папярэдніх пераможцаў прэміі — Віталь Рыжкоў, Андрусь Горват, Наталка Харытанюк, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Міхал Бараноўскі, Адэля Дубавец, Ганна Янкута, Уладзь Лянкевіч, Кацярына Оаро, Кацярына Маціеўская, Аляксей Палачанскі, Таццяна Нядбай, Анатоль Івашчанка, Святлана Рогач і інш.

Паводле арганізатараў