У 2017 годзе ўклад турызму ў ВУП склаў 1,8%



Экспарт турыстычных паслуг Беларусі ў 2017 годзе вырас на 22,6% у параўнанні з 2016 годам, паведаміў журналістам 14 лютага ў Менску намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной.

Паводле яго слоў, выкарыстоўваюцца дзве методыкі падліку даходу ад турызму. „Паводле падлікаў Белстата, за мінулы год турыстычная галіна прынесла ў рэспубліканскі бюджэт каля 200 млн долараў, што перавысіла першапачатковую задачу зарабіць не менш як 157 млн долараў, — сказаў ён. — А па плацежным балансе Нацбанка даход складае каля 1 млрд долараў”.

Акрамя таго, адзначыў Партной, дзякуючы рэалізаванаму праекту па брэндынгу пяці дестынацый (тэрыторый) краіна выйшла на першае месца ў СНД па складанні дапаможнага рахунку ў турызме. „Дзякуючы ўвядзенню сістэмы сатэлітныя рахункаў мы, нарэшце, можам рэальна ацаніць уклад турызму ў ВУП, — сказаў ён. — Па выніках мінулага года гэта 1,8%”.

Намеснік міністра адзначыў, гэта толькі зыходны пункт, ад якога галіна „адштурхнецца і пойдзе далей”. „Уклад турызму ў ВУП павінен быць значна вышэйшы, мы да гэтага гатовыя. Мінімальная планка на 2018 год — 3%”, — заявіў ён.

На думку распрацоўніка праекта па брэндынгу пяці дестынацый, кіраўніка грэчаскай кампаніі European Profiles Дзімітрыса Баколаса, Беларусь рэалізуе свой турыстычны патэнцыял толькі на 20%.

„У вас вельмі цікавыя і прыгожыя мясціны, прыгожы і вельмі пазітыўны народ, і наша задача была паказаць гэта свету, — сказаў ён. — За мінулы год наведвальнасць Беларусі вырасла на 20%. Значыць, мы справіліся разам са спрашчэннем візавага рэжыму”.

belapan.by