Мікалай Дзядок: Скаргі тут наўрад ці дапамогуць



Былы палітвязень Мікалай Дзядок распавядае, чаму ў Горацкай калоніі прэсуюць праваабаронцу Міхаіла Жамчужнага і да чаго гэта можа прывесці.

Нагадаем, што з пачатку жніўня 2017 года адміністрацыя калоніі №9 у Горках, дзе адбывае пакаранне палітвязень Міхаіл Жамчужны, пачала выносіць яму спагнанні за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”. За гэта Міхаіла пастаянна караюць ШІЗА альбо змяшчэннем у ПКТ.

Мікалай Дзядок: Цяжка сказаць, чым скончыцца гэтае супрацьстаянне. Усё будзе залежыць ад стойкасці Жамчужнага. Думаю, альбо адміністрацыя дасць „задні ход” і вырашыць перавесці яго ў іншы атрад (што наўрад ці), альбо ён будзе сядзець у ШІЗА і ПКТ да канца тэрміну, альбо адправяць адтуль жа на турэмны рэжым. Будзе нешта з гэтых трох варыянтаў.

РР: Чаму адміністрацыя так цісне на Жамчужнага, чаго дамагаецца?

Мікалай Дзядок: Думаю, відавочна, за што прэсуюць. За тое, што Міхаіл Жамчужны – “палітычны”.

РР: Чым яму можна дапамагчы ў гэтай сітуацыі?

Мікалай Дзядок: Дапамагчы можна праз распаўсюд інфармацыі і акцыі пратэсту ля калоніі. А таксама трэба аказваць ціск (наколькі гэта магчыма) на супрацоўнікаў калоніі. Скаргі тут ужо наўрад ці дапамогуць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя