Даўно забытыя выбарчыя “каруселі” вяртаюцца ў Беларусь



Скрыншот са старонкі Анатоля Лябедзькі ў Фэйсбуку

З назіральнікамі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”  падзяліліся асаблівасцямі арганізацыі гэтак званых “каруселяў”, сітуацыі калі пэўныя людзі па ўказанні свайго непасрэднага кіраўніцтва, штодня наведваюць розныя ўчасткі, дзе галасуюць за падстаўных выбаршчыкаў.

“Працую ў адной са сталічных школ і сутыкнуўся вось з чым. Адміністрацыя школы паставіла алоўкам нейкую пазнаку ў пашпарце і папрасіла з’явіцца на чатыры выбарчыя ўчасткі ў акрузе і прагаласаваць за пажаданага кандыдата замест незнаёмых мне людзей, – паведамляе чалавек, які з пэўных меркаванняў не хацеў сябе называць.

– Справа арганізаваная так: я прыходзіў на выбарчы ўчастак, паказваў камісіі свой пашпарт. Штампа прапіскі, які адносіў бы мяне да гэтага ўчастку, зразумела, няма. Камісія заўважала пазнаку і давала мне распісацца ў спісе аб атрыманні бюлетэня насупраць імя выбаршчыка, якое, зразумела, не супадала з маім і было мне незнаёмае. Я ставіў дату і подпіс -– усюды свой, – атрымліваў бюлетэнь, галасаваў і апускаў яго ў скрыню. І так на чатырох участках. Разам са мной ўчасткі абыходзілі і іншыя супрацоўнікі школы”.

Малады чалавек такім чынам прагаласаваў на выбарчых участках, размешчаных у сярэдніх школах №185 і №201, а таксама ў гімназіях №4 і №39. Ён дакладна змог назваць толькі адзін з выбарчых участкаў  – №69.

Назіральніца Валянціна Свяцкая на ўчастку для галасавання №28 Трактаразаводскай выбарчай акругі №57 Менска звярнула ўвагу на некалькіх мужчын, у якіх пазнала тых, хто прыходзіў галасаваць днём раней. Адзін з іх меў характэрную запамінальную знешнасць і таму памыліцца было немагчыма. Назіральніца рашуча запатрабавала, каб яны пакінулі памяшканне для галасавання. Адзін з іх сыйшоў, так і не атрымаўшы ў другі раз бюлютэнь для галасавання.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька 14 снежня, у другі дзень датэрміновага галасавання, заспеў на адным з выбарчых участкаў Цэнтральнага раёна, там дзе балатуецца аднапартыец  Мікалай Казлоў, групу з сямі жанчын, якіх арганізавана прывезлі мікрааўтобусам да гімназіі № 34. Пабачыўшы, што Лябедзька здымае відэа на тэлефон, жанчыны пачалі адварочвацца ад камеры і разыходзіцца.

“7 жанчын арганізавана прагаласавалі ў гімназіі № 34 і чакалі, калі іх падхопіць бусік … Некаторыя рэтыраваліся бегам. Гюльчатай, адкрый тварык! Калі хто-то ідэнтыфікаваў гэтых саўдзельніцай крымінальнага злачынства дайце ведаць,” – піша ў фэйсбуку палітык і змяшчае адпаведны відэазапіс.

Такім чынам, на выбарах у мясцовыя Саветы сустракаецца не толькі прымус студэнтаў і супрацоўнікаў да датэрміновага галасавання, але і такая мудрагелістая схема, у якую ўцягнутыя нейкім чынам таксама і сябры участковых камісій. 

“Праваабаронцы за сввбодныя выбары”.