Францыя зацікаўленая ў павелічэнні колькасці студэнтаў з Беларусі



Францыя зацікаўленая ў павелічэнні колькасці беларускіх студэнтаў у сваіх універсітэтах, паведаміла БелаПАН 15 лютага ў Менску на міжнароднай выставе „Адукацыя і кар’ера” намеснік начальніка аддзела краін Еўропы, Расеі, Каўказа і Цэнтральнай Азіі дзяржаўнага агенцтва „Кампус Франс” Алікс дэ Гасар.

Яна адзначыла, што ў мінулым акадэмічным годзе ў Францыі навучаліся 410 студэнтаў з Беларусі, больш за 80% з якіх — у дзяржаўных універсітэтах. Астатнія ў іншых вышэйшых школах, напрыклад школах мастацтваў, кулінарных акадэміях, інжынерных і г.д.

Агенцтва „Кампус Франс”, інфапункт якога адкрыўся напярэдадні ў Менску, займаецца прасоўваннем французскай вышэйшай адукацыі і прыёмам замежных студэнтаў. Яго мэта — прыцягнуць беларусаў на вучобу ў Францыю. „400 беларускіх студэнтаў для Францыі — гэта недастаткова, — сказала дэ Гасар. — Мы хочам прыцягнуць да нас на навучанне значна больш беларусаў. Колькі? Ну, хоць бы тысячу для пачатку”, — сказала прадстаўніца „Кампус Франс”.

Яна патлумачыла, што французская дзяржава бярэ большую частку платы за навучанне на сябе. Курс навучання ў французскім універсітэце каштуе ад 10 да 14 тыс. еўра. З гэтай сумы студэнт звычайна плаціць ад 180 да 1 тыс. еўра, астатняе кладзецца на плечы дзяржавы.

„Для чаго гэта робіцца? Па-першае, адукацыя для Францыі — гэта як здароўе і права, — падкрэсліла дэ Гасар. — Гэта тры асноўныя сферы, неабходныя людзям, якія трэба бараніць. Гэта як філасофія краіны. Па-другое, адукацыя за мяжой дазваляе студэнту адкрыць для сябе новае светаадчуванне, а для самой Францыі гэта магчымасць набыць новых сяброў”.

Яна адзначыла, што кожны год Францыя прымае 340 тыс. замежных студэнтаў з усяго свету.

„Скончыўшы навучанне, замежныя студэнты альбо застаюцца ў Францыі, альбо вяртаюцца да сябе на радзіму і будуюць сваю далейшую кар’еру там. Тым самым мы пашыраем нашу партнёрскую сетку па ўсім свеце. Бо ў тым ліку і праз гэтых людзей мы можам будаваць палітычныя і эканамічныя сувязі з іншымі дзяржавамі. Акрамя таго, студэнты распавядаюць у сябе на радзіме пра нашу краіну, тым самым прыцягваючы у Францыю больш турыстаў”, — распавяла яна.

Таксама дэ Гасар адзначыла, што ўсе ўніверсітэты Францыі маюць аднолькавы адукацыйны ўзровень — незалежна ад таго, знаходзяцца яны ў Парыжы ці ў рэгіёнах.

Сёлета Францыя ўпершыню бярэ ўдзел у міжнароднай выставе „Адукацыя і кар’ера”, якая 15 лютага адкрылася ў Менску. Стэнд магчымасцяў французскай адукацыі прадстаўляе пасольства Францыі ў Беларусі.

„Сёння мы толькі знаёмімся з Беларуссю, і, я спадзяюся, праз год прывязем сюды прадстаўнікоў нашых ВНУ, з якімі самі беларусы змогуць пазнаёміцца на выставе”, — сказала дэ Гасар.

Фота digischool.fr