Кітайскі Новы год



Беларусы пакуль не ўзялі ніводнага медаля на зімовай Алімпіядзе, Лідзія Ярмошына датэрмінова прагаласавала на мясцовых выбарах, у адстаўку адправілі парачку міністраў — жыццё працягваецца! На парозе стаіць год Жоўтага Землянога Сабакі па ўсходнім стылі.

Прасцей кажучы, прыйшоў Кітайскі Новы год – яшчэ адзін шанец для тых, хто не паспеў асэнсаваць сваё жыццё і расставіць правільна прыярытэты 1 студзеня. Нагода для аматараў усходняй культуры пачытаць гараскопы і падумаць над некаторымі іх прагнозамі. У цэлым, гучаць парады быць аптымістамі, спалучаць рызыку і логіку. Паспрабуем? Спрабаваць можна да 4 лютага 2019 года.

У беларускай культуры аптымізм ды ўпэўненасць у сабе – у мірны час! — можа сімвалізаваць і выпраменьваць трактар. Паказальныя выступленні трактарнай тэхнікі пройдуць 24 лютага каля Смаргоні. Гледачы змогуць не толькі пакатацца, але і паспрабаваць на свежым паветры юшкі з салдацкай кашай. Праводзіцца “Трактарны біятлон” не проста так, а з мэтай высакароднай – падтрымаць беларускіх спартоўцаў-алімпійцаў у Пхенчхане.

Мерапрыемства пройдзе з 11 гадзін раніцы да 17 гадзін вечара на палях за 10 км ад горада Смаргонь. Па аўтадарозе Крэва-Смаргонь будуць размешчаны ўказальнікі. Уваход вольны, а спаборнічаць будуць трактары «Беларус — 152» і  «Беларус — 132Н». Тым часам трактары «Беларус- 1402» рыхтуюцца паказаць відовішчнае экстрымальнае шоу.

Жыццё працягваецца! За два дні ўдзел у датэрміновым галасаванні ў мясцовых выбарах прынялі больш 11% выбаршчыкаў. З іх 9, 66% – у Гарадзенскай вобласці. Асобная катэгорыя выбаршчыкаў – студэнты! Ім ніколі не зашкодзіць той ці іншы “бонус”… І вельмі рэдка сустракаюцца ўпэўненыя ў сабе, быццам трактар беларускі, неабыякавыя выдатнікі.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ