“Дзівосы” выбараў у Слоніме
Слонімец Іван Бедка з’яўляецца даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты па Заходняй выбарчай акрузе № 15 Алеся Масюка. Ён назірае за датэрміновымі выбарамі на Незалежным участку № 10. Спадар Іван пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў Беларускага Радыё Рацыя наконт таго, як адбываецца назіранне ў Слоніме.
БРР: Спадар Іван, ці задаволены Вы тым, як адбываюцца датэрміновыя выбары ў Слоніме?
– Чатыры дні мы спрабавалі дапытацца ў старшыні камісіі на Незалежным выбарчым участку № 10 спадарыні Юнга А.В., колькі выбаршчыкаў на 15 выбарчай акрузе. Ніякія скаргі ва ўчастковую раённую і ў ЦВК Лідзіі Ярмошынай не дапамаглі, да іх гэта даходзіць, як да сцяны гарохам. Увесь час старшыня камісіі ўчастка № 10 нам казала, што мы маем права толькі назіраць і не перашкаджаць сваімі пытаннямі ёй працаваць.
БРР: Гэты выбарчы ўчастак у пятніцу, 16 лютага, наведала дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая…
-Так, Ганна Канапацкая па просьбе Алеся Масюка наведала выбарчы ўчастак № 10. І толькі ёй у спадарыні Юнга ўдалося даведацца, што на 15 выбарчай акрузе налічваецца 1227 выбаршчыкаў. Пры фарміраванні выбарчых акругаў па дадзеных Слонімскага райвыканкама на Заходняй выбарчай акрузе № 15 налічваецца 1387 выбаршчыкаў. Цяпер становіцца зразумелым,
чаму старшыня выбарчага ўчастка № 10 не давала інфармацыю пра колькасць выбаршчыкаў на 15 акрузе. Не давала таму, што гэтыя 160 выбаршчыкаў павінны недзе “ўсплыць”. І я, нават здагадваюся, дзе хутчэй за ўсё яны “ўсплывуць” – яны „прагаласуюць” за альтэрнатыўнага кандыдата ад улады. Адным словам, “дзівосы” выбараў у Слоніме працягваюцца.
Беларускае Радыё Рацыя